Нагадаем, у панядзелак Лукашэнка заявіў: “Я як кіраўнік дзяржавы прапаную ўсім людзям з цвярозым розумам, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, сесці за “круглы стол”, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне”.

Літаральна на наступны дзень за зачыненымі для прэсы дзвярыма сабраліся лідары беларускай апазіцыі, каб абмеркаваць мэтазгоднасць і ўмовы дыялогу з уладай.

Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі Аб’яднанай грамдзянскай партыі, партыі “Справядлівы свет”, Партыі БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, руху “За свабоду” і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”.

Пра што гаварылася на сустрэчы? На якіх умовах беларуская апазіцыя пойдзе на гэтыя перамовы? Ці гучалі на сустрэчы нейкія “асаблівыя меркаванні”? На гэтыя пытанні “Народнай Волі” адказаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА.

— Адзінадушнае меркаванне ўсіх прысутных (а згаданыя палітычныя структуры прадстаўлялі лідары) у тым, што канкрэтнай прапановы аб перамовах з боку Аляксандра Лукашэнкі як бы і  не прагучала. Перамовы прадугледжваюць фармат, парадак дня і  абвяшчэнне канкрэтных імён іх удзельнікаў. Таму сустрэча дэмакратычных лідараў — гэта хутчэй рэакцыя на заяву Лукашэнкі. З нашага боку магу сказаць, што перамовы апазіцыі з уладай магчымы толькі пры безумоўным вызваленні палітвязняў. І перамовы павінны быць менавіта перамовамі: не канферэнцыямі, не палітычнай дыскусіяй аб лёсе краіны, а канкрэтна перамовамі “улада — апазіцыя” з ясным фарматам, парадкам дня і прывязкай да часу. Не цягнуцца ж ім дзесяць гадоў… Пры выкананні гэтых умоў можна будзе гаварыць аб пытаннях, якія можна і трэба абмяркоўваць. Можна будзе гаварыць і пра правядзенне сумленных выбараў, і пра змяненне выбарчага заканадаўства, і пра праблемы ў эканоміцы, і  шмат пра што яшчэ…

Нагадаю, што вопыт правядзення перамоў з уладамі ў апазіцыі быў. У 1999 годзе пры пасярэдніцтве АБСЕ. Тады абмяркоўваўся доступ апазіцыі да дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ і правядзенне выбараў па стандартах АБСЕ. Па выніках тых перамоў быў нават падпісаны прыгожы дакумент, у якім было распісана, колькі месца для публікацый і колькі эфірнага часу апазіцыя будзе мець. З нашага боку дакумент падпісаў Міхаіл Пастухоў, а з боку ўлады — памочнік прэзідэнта Міхаіл Сазонаў, якому паўнамоцтвы дэлегаваў Аляксандр Лукашэнка. Але ўсё так і засталося на паперы…

Сёння сітуацыя наступная: у турмах сядзяць людзі, і пакуль яны там, гаварыць няма пра што. Як толькі палітвязні будуць на волі, мы хоць заўтра гатовы абмяркоўваць фармат і парадак дня перамоў.

— Пракаментуйце, калі ласка, заяву экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які з Наваполацкай калоніі перадаў, што, на ягоную думку, “перамовы з Лукашэнкам можна весці толькі па адным пытанні — перадачы ім улады”.

— Гучыць прыгожа… Я ды і астатнія лідары апазіцыі выступаем за тое, каб гэтыя словы Андрэй Алегавіч хутчэй змог сказаць на волі. Аднак не на столькі мы зараз моцныя, каб выстаўляць уладзе ультыматум аб тым, каб яна сышла…

ТЫМ ЧАСАМ

Уладзімір Някляеў, лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, якую ўпарта адмаўляецца рэгістраваць Мінюст, гаворыць, што акрамя безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў важна, каб у перамовах з апазіцыяй ад улады браў удзел асабіста Аляксандр Лукашэнка. “Гэта надзвычай важна, — падкрэслівае Уладзімір Някляеў. — З іншымі ягонымі ўпаўнаважанымі апазіцыя ўжо наперамаўлялася. У перамовах ад улады павінен удзельнічаць чалавек, які рэальна прымае рашэнні. Такі ў нас адзін. І я пайду толькі на такія перамовы, нават нягледзячы на тое, што са мной зрабілі 19 снежня. Трэба думаць пра краіну, пра народ, а нейкія асабістыя крыўды павінны заставацца за дужкамі. Я дзвюма рукамі выступаю за тое, што сказаў Саннікаў. Але наўрад ці Лукашэнка аддасць уладу. Ягоная бяда ў тым, што ён не гуляе па правілах. Можа паабяцаць, што прыйдзе на перамовы, а ў самы апошні момант ад гэтага адмовіцца…

Поделиться: