Міністэрства адукацыі анансуе форум як вялікі педагагічны савет, на якім будуць абмяркоўвацца самыя актуальныя праблемы адукацыі: статус настаўніка, якасць падрыхтоўкі кадраў, роля настаўніка ў фарміраванні інтэлектуальна развітай асобы. Асабліва падкрэсліваецца, што на педагагічнай нарадзе будзе прысутнічаць Аляксандр Лукашэнка.

Адзін з удзельнікаў форума перад пачаткам нарады падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі з “Народнай Воляй”:

— Цяжка ўявіць, што адбудзецца шчырая размова, — расказаў наш суразмоўца. – Усё адрэжысіравана, усе ролі распісаны. Уваход толькі па запрашэннях. Нарада ў 12, а мы тут ужо з 10 гадзін праходзім усе прапускныя пункты. Праўда, робіцца акцэнт на тое, што Лукашэнка чакае дыскусіі, у якой сам будзе ўдзельнічаць. Спачатку ён выступіць з прывітальным словам, потым – настаўнікі. І, выслухаўшы іх, — зноў Лукашэнка. Але не думаю, што хтосьці адхіліцца ад запланавай прамовы. Але ж пабачым…

Трэба адзначыць, што напярэдадні педагагічнага форума міністр адукацыі Сяргей Маскевіч даў нечакана шчырае інтэрв’ю газеце “Звязда”, дзе даволі смела выказаўся пра праблемы сучаснай сярэдняй школы. Напрыклад, міністр паскардзіўся, што сёння за работай устаноў адукацыі вядзецца схаваная форма пастаяннага кантролю кіруючых структур па розных напрамках дзейнасці:

— Асноўная задача настаўніка — вучыць дзяцей, таму трэба вызваліць яго ад выканання ўсіх неўласцівых яму функцый, у тым ліку ад напісання шматлікіх даведак і справаздач, — падкрэсліў Маскевіч. —  Вялікая колькасць дакументацыі, якую даводзіцца афармляць педагагічным работнікам, з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для ўстаноў адукацыі. Аднак уклад Міністэрства адукацыі ў гэты паперазварот — мінімальны. Самая вялікая колькасць папер прыходзіць не з міністэрства, не з упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, а з райвыканкамаў. У многіх выпадках справаздачы рыхтуюцца ўвогуле на падставе вусных распараджэнняў работнікаў органаў кіравання адукацыяй ці пісьмовых указанняў зверху. Пры гэтым справаздачы носяць пераважна інфармацыйны характар і не могуць выкарыстоўвацца для аналізу адукацыйнага працэсу. Гэта інфармацыя ў большай ступені з’яўляецца схаванай формай пастаяннага кантролю кіруючых структур за работай устаноў адукацыі па розных напрамках дзейнасці. Міністэрствам адукацыі былі падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы гадавога плана і падрыхтоўцы справаздачнасці, скіраваныя на выключэнне залішняй бюракратыі на месцах. Але, відаць па ўсім, сітуацыя карэнным чынам не змянілася. Значыць, і тут нам ёсць над чым працаваць. Трэба, каб усе зразумелі, што калі мы будзем нацэльваць настаўніка адначасова і на выкананне плана па зборы металалому і макулатуры (гэтым павінны займацца грамадскія арганізацыі), і на запаўненне шматлікіх папер і справаздач, то для індывідуальнай работы з вучнем часу ў яго ніколі не знойдзецца. А без індывідуальнай работы з вучнямі пра якую эфектыўнасць педагагічнай дзейнасці можна весці размову? На які вынік прэтэндаваць?.

Што зменіцца пасля нарады?



Поделиться ссылкой: