Зараз партыйныя навіны і артыкулы лідараў можна чытаць па адрасе www.narodnaja-partyja.org. Як высветлілася, “пераезд” адбыўся не выпадкова.

— У другой палове мінулага года ў нас здарыўся абвал ў Сеціве — інтэрнэтная катастрофа, як я гэта называю. Амаль адначасова па розных прычынах мы страцілі шэсць нашых інтэрнэт-старонак, якія перасталі дзейнічаць. Сярод іх і наша партыйная старонка pbpf.org. Прычына ў безадказнасці асобы, якой было даверана тэхнічна весці наша адраджэнскае Сеціва. Узнікла сітуацыя, якая выйшла з-пад кантролю. У выніку — страта, — патлумачыў лідар партыі Зянон Пазьняк.

Дарэчы, ў Сеціве з’явілася іншая старонка пад старым партыйным інтэрнэт-даменам.

“Там — поўная “каша”, — тлумачыць Зянон Пазьняк. — У афармленні —савецкая сімволіка суседнічае з “Пагоняй”, англійская мова (не прафесійнага кшталту, на якой напісана поўная абракадабра) мяжуе з беларускай і з нашымі старымі партыйнымі паведамленнямі.

Па яго словах, партыйны дамен “быў прададзены на аўкцыёне за вялікую суму, якая ў дзясяткі разоў пераўзыходзіць ягоную цану. Выплылі цікавыя падрабязнасьці, якія праясняюць пытанне, каму магла спатрэбіцца такая “містыфікацыя”. Нехта хацеў, відаць, зрабіць блытаніну ў галовах беларусаў, і найперш — у карыстальнікаў за мяжой. Але, пэўна, “перамудрыў” самога сябе, не ведаючы наперад, што мы зробім. А мы тым часам стварылі новую старонку “Народная партыя” (http://www.narodnaja-partyja.org/) і працягваем нашу справу”.

Поделиться: