Шэф-рэдактар газеты “Наша ніва” Андрэй Дынько пракаментаваў гэта наступным чынам: “Нічога дзяржаўнага ў сённяшніх “дзяржаўных СМІ” няма. Дзяржаўныя СМІ павінны даваць слова ўсяму палітычнаму спектру, розным поглядам”.

“Я не толькі не баюся, але і ўпэўнены, што ў рынкавых умовах большасць нашых газет (“Советская Белоруссия”, “7 дней” і іншыя) камня на камні не пакінуць ад так званых незалежных газет, — заявіў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі 23 жніўня падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце агенцтва БелТА. — Рэйтынгі нашых выданняў значна вышэйшыя за гэтак званыя апазіцыйныя газеты, а па колькасці падпісчыкаў — гэта проста неба і зямля”.

“Больш за тое, — дадаў міністр, — нашы выданні ў няпросты эканамічны час у стане выйсці на самаакупаемасць. Але мы трымаем невялікую падушку бяспекі”.

На пытанне, чаму тады на дзяржпрадпрыемствах і ва ўстановах існуюць абавязковыя планы падпіскі на дзяржаўныя выданні, якія ніхто не жадае выпісваць добраахвотна, Праляскоўскі адказаў: “Гэта больш пытанне да кіраўнікоў прадпрыемстваў. Але я не бачу нічога дрэннага ў тым, што на прадпрыемстве, у цэху будуць знаходзіцца газеты і часопісы. Гэта, на маю думку, зусім нават нядрэнна. Лічу, што на прадпрыемствах газеты і часопісы павінны быць”.

Кіраўнік Мінінфарму таксама сцвярджае, што ў краіне не існуе праблемы распаўсюджвання альтэрнатыўнай інфармацыі. “Гэта вялікія казкі нашай апазіцыі, што яе ў чымсці заціскаюць, не пускаюць кудысці. Яна часта сама нікуды не ідзе”, — заявіў ён.

У той жа час кіраўнік Мінінфарму прызнаў, што некаторыя дзяржаўныя СМІ займаюць “не заўсёды аб’ектыўную пазіцыю, поўнасцю ігнаруюць недахопы”, і міністэрства “крытыкуе іх за бяззубасць”. “Ёсць і іншая крайнасць: выданні, дзе няма ніводнага добрага слова пра краіну, грамадства, дзе радуюцца ўсім паражэнням”, — дадаў Праляскоўскі.

Гэтыя выказванні міністра інфармацыі мы папрасілі пракаметаваць шэф-рэдактара газэтеы “Наша ніва” Андрэя Дынько:

“Дзяржаўныя выданні і пры цяперашніх няроўных і спрыяльных для іх умовах не могуць цалкам задаволіць попыт на інфармацыю. Нібыта ў

рынкавых умовах яны кагосці здольныя апярэдзіць. Сама такая пастаноўка пытання выклікае іронію.

Нагадаю, што ў цывілізаваных краінах якраз-такі ёсць дзяржаўныя СМІ, якія там называюць грамадскімі СМІ. У Беларусі дзяржаўных медыяў няма. Лукашэнкаўцы любяць усё тое, што яны прысабечылі, называць дзяржаўным. Насамрэч нічога дзяржаўнага ў гэтых СМІ няма. Дзяржаўныя СМІ павінны даваць слова ўсяму палітычнаму спектру, розным поглядам. У нас жа ў дзяржаўных СМІ толькі адзін палітык, гэта медыі, якія належаць адной палітычнай групе.

Сапраўды грамадакія СМІ павінны быць максімальна незалежнымі, як “National Public Radio” ў ЗША, ВВС у Брытаніі. Як гэта робіцца ў Польшчы? У кіраўніцтва грамадскага тэлебачання выбіраюцца кандыдаты ад розных палітычных сіл, ад грамадскасці, інтэлектуалаў, каб гэта было незалежнае люстэрка, у якое ўсе могуць глядзецца. Калі ўзяць скандынаўскія краіны, дык там нават ёсць закон, паводле якога ў кожнай мясцовасці павінны быць мінімум дзве газеты рознага кірунку. Калі адна з іх слабая, то дзяржава дае ёй фінансавую дапамогу, каб была канкурэнцыя”.

Што тычыцца слоў Праляскоўскага пра “казкі нашай апазіцыі, што яе ў чымсці заціскаюць, не пускаюць кудысці”, то Андрэй Дынько раіць спадару Праляскоўскаму “не смяшыць людзей”:

“Тры гады “Народную волю” і “Нашу ніву” забаранялі прадаваць у кіёсках. Ці можна купіць у кіёску сёння цудоўную газету “Новы час”? Ці выдатнае інтэлектуальнае выданне, часопіс “Архэ”? Не, не знойдзеш іх там. Уключыце тэлебачанне, на першым канале — Лукашэнка, на другім, трэцім і чацвёртым — той жа Лукашэнка. А ці можна там убачыць нават не апазіцыйнага палітыка, а, напрыклад, пісьменніка Ўладзіміра Арлова? Нават на інтэрнэт-форумах дзяржаўных выданняў людзі ўжо адкрыта пацяшаюцца, кажуць пра тое, што ёсць дзве рэальнасці — у адной людзі жывуць, а другая — у дзяржаўных СМІ”.



Поделиться ссылкой: