Што можа быць летам лепей за адпачынак на прыродзе? Пансіянат медыцынскай фірмы “ЛОДЭ” знаходзіцца ў 160 кіламетрах ад Мінска ў маляўнічых месцах Лепельшчыны. На тэрыторіі пансіяната зараз некалькі дзясяткаў домікаў з экалагічна чыстага дрэва. У іх жывуць больш за 100 чалавек. Пра папулярнасць гэтага санаторыя яскрава сведчыць такі факт: месцы ў доміках пансіяната “ЛОДЭ” забраніраваны аж да наступнага лета. Кошты іх арэнды не вельмі высокія. Напрыклад, арэнда двухмясцовага доміка з лядоўняй, тэлевізарам, камінам каштуе 320 тысяч рублёў, у доміках эканом-класа можна пасяліцца за 100 тысяч рублёў у суткі. За трохразовае харчаванне ў пансіянаце трэба даплаціць у дзень усяго 40 тысяч рублёў.

Для пастаяльцаў пансіяната прадугледжаны адпачынак на любы густ: нехта любіць простыя прагулкі па лесе — калі ласка, хто аддае перавагу больш актыўнаму адпачынку — таксама няма праблем. На тэрыторыі пансіяната ёсць лазня, унутранае возера для аматараў рыбалкі, футбольнае поле, сталы для гульні ў пін-понг, рыхтуецца адкрыццё кортаў для вялікага тэніса…

“Яшчэ якіх-небудзь восем гадоў таму тут нічога не было — пустое месца, ніхто не верыў, што тут пабудуецца пансіянат і адбою ад турыстаў не будзе, — расказваюць супрацоўнікі. — Аднак дзякуючы намаганням і энтузіязму дырэктара “ЛОДЭ” Уладзіміра Гарбачова ў гэтым маляўнічым месцы ўзнікла сапраўдная турыстычная мека”.

Пастаяльцы пансіяната, з якімі ўдалося пагутарыць карэспандэнту “Народнай Волі”, у адзін голас кажуць, што, прыехаўшы сюды ўпершыню, адразу ж адчуваеш жаданне вярнуцца на наступны год, бо супрацоўнікі пансіяната “ЛОДЭ” не перастаюць здзіўляць адпачываючых.

Вось і сёлета дзякуючы крэатыўнасці каманды “ЛОДЭ” ў пансіянаце было вырашана правесці першы фестываль-конкурс мясцовай кухні.

— Сама ідэя конкурсу ўзнікла дзеля таго, каб унесці разнастайнасць у меню нашага пансіяната, — гаворыць начальнік аддзела турызму ААТ “ЛОДЭ” Наталля Макей. –У ходзе рэалізацыі праекта вырашылі зрабіць гэты конкурс сапраўдным святам.

І, трэба сказаць, свята ўдалося! Адзінае патрабаванне да страў, якія былі прапанаваны, — прадукты павінны быць вырашчаны тут жа, на Лепельшчыне.

У конкурснай праграме было больш за 30 страў, прыгатаваных камандай кулінараў пад кіраўніцтвам шэф-повара пансіяната “ЛОДЭ” Валянціны Судак. Іх разнастайнасць уражвала. На стале было ўсё: ад смажаных яблык з рызынкамі да заліўнога судака і вэнджанага парасяці, фаршыраванага дарагой па цяперашніх часах грэчкай.

Кампетэнтнаму журы было з чаго выбіраць.

Лепельшчына — азёрны край, мо менавіта таму гран-пры атрымала рыбная страва – “судак пад лісічкамі”. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала згаданае вышэй “парася з грэчкай”, а журналісцкае журы аддало перавагу страве “з налётам прафесійнасці” — па іх меркаванні, перамог “язык пад шубай” з красамоўнай назвай “Цэнзура”. У намінацыі “За адданасць традыцыям” не было роўных класічным беларускім калдунам…

Як паведаміла Наталля Макей, стравы-пераможцы будуць уключаны ў пастаяннае меню пансіяната “ЛОДЭ”. Прыязджайце, дэгустуйце!

Смачнае свята (фотарэпартаж)

Смачнае свята (фотарэпартаж)

Смачнае свята (фотарэпартаж)

Смачнае свята (фотарэпартаж)

Смачнае свята (фотарэпартаж)




Поделиться ссылкой: