Падчас апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі многія кандыдаты заклікалі нас “у Еўропу”. Мы не паслухаліся і засталіся ў Азіёпе. Там, дзе народ “безмолвствует”. Аднак жа Еўропа побач. І яе прыклад не можа быць для нас нецікавым. Як не згадаць дзясяткі тысяч працоўных на вуліцах Афін, Мадрыда, Рыма і нават Лондана. А нагодай для масавых пратэстаў станавіліся зусім нязначныя паніжэнні ўзроўню іхняга жыцця. І нічога дзіўнага, бо народы гэтых краін даўно пакінулі дзіцячы ўзрост, навучыліся гаварыць і бараніць свае інтарэсы.

Але я не заклікаю выйсці на вуліцы са сцягамі і транспарантамі. Для гэтага трэба атрымаць дазвол ва ўлад, бо інакш па нашых спінах пагуляюць дубінкі нашых права-

ахоўных органаў. Яны ж размаўляць таксама не ўмеюць. Толькі біцца ўмеюць.

Не заклікаю я і да рэвалюцый у сацыяльных сетках. Маўчаць і мычаць, як гаворыць Лукашэнка, неканструктыўна. Практыка сведчыць, што ні ён, ні хтосьці з ягонай “вертыкалі”маўклівых пратэстаў не разумеюць. Ім немагчыма здагадацца, чаго хочуць гэтыя людзі, якія пляскаюць у далоні. А асабісты вопыт прэзідэнцкай наменклатуры зусім не сведчыць пра рост жабрацтва ў краіне.

Але ёсць трэці шлях. Разумныя людзі гавораць, што закон дазваляе правядзенне народных сходаў жыхароў горада, раёна, мястэчка і г.д. На іх правядзенне не трэба дазволу. І што такія сходы добра правесці ў адзін дзень — 8 кастрычніка — па ўсёй краіне. Яны прапанавалі для агульнага абмеркавання такія пытанні, як адмена прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў, якія ператвараюць працоўнага ў прыгоннага. Як барацьба з інфляцыяй шляхам індэксацый заробкаў і сацыяльных выплат і спынення росту цэн, а таксама стымулявання гаспадарчай ініцыятывы і нармалізацыі сітуацыі з валютай.

Да шэрагу эканамічных праблем можна аднесці і праблему палітзняволеных. Шматразовымі мантрамі пра адсутнасць у Беларусі людзей, арыштаваных па палітычных матывах, здаецца, Лукашэнка пераканаў найперш самога сябе. Захад яму не верыць і патрабуе вызвалення Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Зміцера Усса і плоймы маладых “дзекабрыстаў”. Калі Народны сход дазволіць Аляксандру Рыгоравічу, сабраўшы ў кулак усе свае інтэлектуальныя і валявыя рэсурсы, вырашыць гэтую праблему не ў сваіх прыватных інтарэсах, а ў інтарэсах усяго народа, то Беларусь пазбавіцца ад пагрозы ўсеабдымных эканамічных санкцый. У дадатак з’явіцца магчымасць атрымаць тэрміновую фінансавую дапамогу.

Гэтым самым Народны сход прадэманструе сваю канструктыўнасць і гатоўнасць падтрымаць заклікі да дыялогу з уладай, якія гучаць з усіх бакоў. Але праграма дыялогу не выклікае адчування паўнаты, нават калі пералік асобных праблем будзе працягнуты. Ва ўсім цывілізаваным свеце да адказнасці прыцягваюць галоўных асоб. Выканаўчую ўладу ў Беларусі ўзначальвае Кабінет (Савет) міністраў. Ён абавязаны на практыцы рэалізоўваць беспамылковыя ўказанні Прэзідэнта. Таму галоўным патрабаваннем Народнага сходу павінна стаць адстаўка ўсяго Кабінета міністраў на чале з яго старшынёй, вучоным-эканамістам Міхаілам Мясніковічам. Яго вучонасці стае толькі на тое, каб патлумачыць знешнія прычыны крызісу, а не справіцца з ім.

Можа быць, толькі ў гэткім выпадку наш народ перастане быць статкам маўклівых ягнят.



Поделиться ссылкой: