Пасля інтэрвію Міхаіла Гарбачова, дзе былы генсек сказаў, што Лукашэнка быў адзіным беларускім дэпутатам, які выступіў супраць ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў,  некалькі калег перапыталі ў мяне , як у былога дэпутата ВС,–  дык ці праўда, што гэта быў Лукашэнка?

 
Няпраўда.
Так атрымалася, што у Авальнай залі я сядзеў побач з былым сакратаром ЦК КПБ (і будучым старшынёй Канстытуцыйнага Суда) Валерыем Ціхінем. І менавіта Ціхіня быў тым самым адзіным дэпутатам, які націснуў  кнопку, калі  ішло галасаваньне “супраць”. З гэтай нагоды ў нас з ім была тады даволі экспрэсіўная спрэчка (у парламенцкіх выразах, зразумела).
 
Праўда, Міхаіл Гарбачоў у сваім інтэрвію гэтым разам ужыў выказ – Лукашэнка “ адзіны сярод беларускіх дэпутатаў выступаў супраць Белавежскіх пагадненняў”. Што таксама не адпавядае рэальнасці, – супраць іх выступалі многія камуністы-дэпутаты.
 
Між іншым,  і мы, дэпутаты БНФ, крытыкавалі некаторыя палажэнні дамовы (так, мы  не пагадзіліся з другой часткай, аб утварэнні СНД, пабачыўшы ў гэтым небяспеку рэстаўрацыі імперыі у новай форме пад тым жа самым патранажам Масквы. Асобнай тэмай была доля Беларусі ў Алмазным фондзе і залатым запасе, на якую наша краіна заявіла правы  яшчэ ў 1990 годзе  ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце,  і маёмасць СССР за мяжой; праўда, тое ўжо тычылася пазнейшай сустрэчы лідараў рэспублік у Алма-Аце). Але,  канешне, мы прагаласавалі за ратыфікацыю, паколькі гэта спыняла парадаксальную сітуацыю: з 25 жніўня 1991 года Беларусь была юрыдычна незалежнай краінай, і тым часам існавала нейкае ўтварэнне “СССР”, хай і абмежаванае ў рэальнасці офісам адміністрацыі прэзідэнта ў Крамлі.
 
Ну, а дзе ж быў Лукашэнка?
 
А Бог яго ведае.
 
Калі цяпер чытаеш стенаграмы, бачыш, што  ў самыя вызначальныя галасаванні супраць  прозвішча «Лукашэнка» стаіць альбо НГ (“не галасаваў”), альбо АД (“адсутнічаў”). Можа быць, у гэтыя хвіліны ў яго нешта балела – жывот, напрыклад.

Альбо галава.

Поделиться: