Карэспандэнт Еўрарадыё звярнуў увагу на нашыўкі на 5-м паверсе ЦУМа. На прылаўках акуратна раскладзены эмблемы футбольных клубаў і… лэйблы вядомых вытворцаў адзення. Тут і Adidas, і Nike, і Reebock, і нават Dolce & Gabbana.

У сярэднім, аплікацыя з надпісам Adidas ці Reebok каштуе 3-7 тысяч рублёў.

Супрацоўніца аддзела тэкстыльных тавараў кажа, што перад пачаткам навучальнага года набываюць шмат дзіцячых аплікацый і нашывак. Але і лэйблы спартовых фірмаў таксама!

“Гэта і Adidas, і Puma. Улетку добра прадаваліся “спорт” і “джынс”, таксама нашыўкі з бавоўны. Самая танная каштуе 1190 рублёў, самыя дарагія даходзяць да 120 тысяч рублёў — розныя вялікія арлы на курткі. Беларусы не вырабляюць. У асноўным, Кітай, Тайвань, Японія — усё Азія”.

Ніякіх дакументаў наконт валодання таварнымі знакамі пастаўшчыкі не прадастаўляюць.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці можна гандляваць таварнымі знакамі вядомых брэндаў асобна ад саміх вырабаў. Бо кожны жадаючы можа набыць гэтыя лэйблы і прадаваць свае тавары, выкарыстоўваючы вядомую марку.

У “Беларускім аўтарскім таварыстве” кажуць, што гандаль таварнымі знакамі не заўсёды лічыцца парушэннем аўтарскага права.

“Ён жа прадае не пад гэтым знакам. Ён прадае, можна сказаць, сувеніры. Адсочваецца ж выкарыстоўванне знака па назначэнні. Калі таварны знак “Атлант” на вытворчасць лядоўняў і вы пачнеце вырабляць лядоўні, то вы парушальнік. Тут парушэння таварнага знака няма”.

ЦУМ прадае лэйблы Nike і Adidas за 3-7 тысяч рублёў (фота)

Фірма “Улада-кансалтынг” абараняе аўтарскія правы кампаніі Adidas у Расіі. На думку супрацоўніка “Улада-кансалтынг”, таварныя знакі можна прадаваць, толькі калі яны набываліся ў афіцыйнага дылера. Калі ж яны ўвозяцца ці вырабляюцца нейкім незаконным шляхам, то гэта ўжо парушэнне правоў.

А ў маскоўскім прадстаўніцтве Nike, увогуле, здзівіліся такому выкарыстоўванню іх знака.

“Нават не мае значэнне колькасць прадукцыі. Можа быць проста 10 поліэтыленавых пакетаў з нашым лагатыпам — і гэта лічыцца кантрафактнай прадукцыяй, бо гэта незаконнае капіраванне таварнага знака”.

У Расіі падобныя парушэнні рэгулююцца 4-й часткай Грамадзянскага кодэкса.

Тым часам ў адной з самых буйных дзяржаўных крамаў Беларусі  за паўдолара можна набыць лэйблы таго ж Adidas ці Prada з Dolce & Gabbana.



Поделиться ссылкой: