“Калі ён вызваляецца з месцаў пазбаўлення волі — яго пытаюцца, дзе ён збіраецца жыць і працаваць. Ён абірае сябе месца жыхарства самастойна. Ва ўсіх краінах такая працэдура. Па месцы жыхарства ён не збіраўся знаходзіцца. Ізноў далучыўся да злачыннай супольнасці”. Так начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Слуцкага РАУС Валерый Каменеў кажа пра “навушніка” Уладзіміра Хамічэнку, вызваленага 11 жніўня па прэзідэнцкай амністыі.

Праваабаронца Наста Лойка са спасылкай на адваката Уладзіміра Хамічэнкі паведаміла Еўрарадыё, што з калоніі ён накіраваўся ў Слуцк. Але Валерый Каменеў лічыць, што Уладзімір Хамічэнка наўрад ці з’явіцца ў горадзе: “На тэрыторыі Беларусі шмат людзей, якія не маюць свайго жылля. А ў яго ёсць уласная кватэра. І, натуральна, можна было б вярнуцца і пачаць новае жыццё. Але я так зразумеў, што ён гэтага не захацеў”.

Як вядома, Уладзімір Хамічэнка гадаваўся ў дзіцячым доме. З вядомых ягоных сваякоў — цётка Ала Барысаўна, якая жыве ў Слуцку, і сястра Святлана з Копыля.

Да цёткі Хамічэнка пакуль не прыходзіў. Яна яго ўвогуле не бачыла ўжо больш за тры гады інакш як па тэлевізары.

Ала Барысаўна: “Калі ён жыў у сябе ў Слуцку, ён прыходзіў да мяне. А пасля сцягнуў мае залатыя рэчы — быў у мяне залаты ланцужок. І я сказала яму, каб больш нагі яго ў мяне не было. З тых часоў ён да мяне і не з’яўляўся”.

Еўрарадыё: А ці ведаеце вы, што яго называлі “навушнік”?

Ала Барысаўна: “Не, не ведаю”.

Еўрарадыё: Што ён нібыта ў рукаў некаму нешта перадаваў.

Ала Барысаўна: “Так, такое чула — але сама не заўважала. Некалькі разоў бачыла кадры — але такога не ўгледзела. Не было бачна такое. Бачыла толькі, як ён там махаў нешта, а потым ужо сядзеў за сталом, калі яго дапытвалі”.

Згодна са словамі Алы Барысаўны, нават каб Уладзімір Хамічэнка вярнуўся ў Слуцк, ён наўрад ці змог бы жыць у сваёй кватэры. Дарэчы, зарэгістраваны ён у Слуцку на вуліцы Максіма Багдановіча, а не ва ўрочышчы Пупарава, як гэта ў свой час было прапісана ў газеце “СБ — Беларусь Сегодня”.

Ала Барысаўна: “Ён прапісаны ў нас на Максіма Багдановіча. Там усё адключана. Забітыя дзверы. Там нічога няма ў кватэры! Вада адключаная, газу няма, туалетаў няма. Там нічога, толькі вось сцены! А кватэра гэтая была на ім і на старэйшым браце. Але старэйшы брат памёр, і застаўся Воўка адзін у гэтай кватэры”.

У тое, што Уладзімір Хамічэнка — агент і быў на плошчы Незалежнасці на заданні, цётка не вельмі верыць.

Ала Барысаўна: “Вось пра гэта нічога сказаць не магу, шчыра. Я ж з ім не кантактавала, таму зусім не ведаю. Можа, і выдумка. У яго ў галаве не ўсё ў парадку, таму не думаю, што ён нейкім агентам быў. Дзе ўсе — там і ён. А калі яшчэ выпіць і паесці далі — ён дакладна там”.

Сястра Хамічэнкі Святлана жыве ў Капылі. Паколькі стасункі з цёткай “навушнік” сапсаваў, ён мог бы з’явіцца ў яе.

Святлана: “Калі ён пісаў мне лісты — пісаў, што абавязкова прыедзе да мяне”.

Але на кантакт з сястрой Уладзімір Хамічэнка таксама пакуль што не выйшаў. Больш за тое: пра тое, што яе брата вызвалілі, Святлана… даведалася ад журналіста Еўрарадыё!

Святлана: “А што, ён уцёк?”

Еўрарадыё: Ды не, яго выпусцілі. Вы не ведаеце?

Святлана: “Не, не ведаю. Ён у мяне не быў”.

Еўрарадыё: А дзе ён можа быць?

Святлана: “Без паняцця. Разумееце, у яго няма сталага месца жыхарства — ён як бомж. Там захацеў пабыў, туды паехаў. Можа і да мяне прыехаць, але ж як я яго затрымаю?..”



Поделиться ссылкой: