Аб першых днях знаходжання на “хіміі” ён распавёў карэспандэнту “Народнай Волі”.

“Вёска Куплін знаходзіцца ў трох кіламетрах ад Пружан, — расказаў Севярынец. — Тут на тэрыторыі былога вайсковага гарадка знаходзіцца спецкамендатура, дзе людзі, асуджаныя да “хіміі”, адбываюць пакаранне. Агулам нас чалавек сто. Пераважная большасць працуе ў Пружанах. Я пакуль беспрацоўны. Мяне нават не выпускаюць у горад, магчыма, не хочуць, каб я самастойна шукаў працу.

Прыбыўшы на месца, я сказаў, што мая спецыяльнасць — інжынер-геолаг, аднак магу працаваць і пісьменнікам, і журналістам. Але ж, паўтаруся, у горад мяне не выпускаюць — ні ў мясцовы краязнаўчы музей, ні ў бібліятэку. Працу самастойна я знайсці сабе не магу, а размеркавання на мяне яшчэ няма. Пры гэтым прычыну, па якой мяне не адпускаюць у горад, не тлумачаць. Магчыма, тутэйшае начальства баіцца, што я буду арганізоўваць мітынгі…

Я напісаў заяву з просьбай даць магчымасць працаўладкавацца — цішыня. Таксама напісаў паперу, у якой папрасіў дазволу раз на тыдзень наведваць мясцовую царкву — таксама маўчанне. Складваецца ўражанне, што ўсе рашэнні адносна мяне прымаюцца не кіраўніцтвам спецустановы, а недзе ў іншых кабінетах…

Пакуль я пазбаўлены магчымасці працаваць, у мяне, калі можна так сказаць, ёсць дастаткова вольнага часу. Пішу лісты палітзняволеным, працягваю працу над уласным раманам “Сэрца святла”.




Поделиться ссылкой: