Вельмі сумная гісторыя, якая кампраметуе маю краіну. Сітуацыя з фармальнага гледзішча такая: дэмакратычная краіна Еўразвязу аказвае прававую і тэхнічную дапамогу аўтарытарнаму рэжыму, які топча чалавечыя правы і годнасць. Скарыстаўшыся гэтай дапамогай людзі беларускага рэжыму затрымліваюць Алеся Бяляцкага, арыштоўваюць маёмасць праваабарончай арганізацыі «Вясна» і наносяць моцны ўдар беларускай апазіцыі.
Пра гэтую справу мне бракуе інфармацыі, як і шмат каму бракуе ў нашай дзяржаве. Мне здаецца, што ў Літве няма яснай скаардынаванай палітыкі, а толькі яе фрагменты, якія нярэдка адзін аднаму супярэчаць. На рытарычным узроўні Літва выглядае бездакорна – гэта проста сяброўка беларускай апазіцыі і дэмакратаў, але практыка сведчыць, што цяпер мы какетнічаем з аўтарытарным рэжымам, прынамсі на ўзроўні прэзідэнтуры. Таму вельмі цяжка сказаць, ці існуе якая-небудзь паслядоўная, звязаная і скаардынаваная пазіцыя, якой цяпер можна было б запатрабаваць ад міністэрстваў замежных спраў і юстыцыі. Дзе тая скаардынаваная пазіцыя? Я нават не ведаю, ці такая наогул існуе. Адно не выклікае сумневаў – тут існуе пэўная супярэчнасць.
У тэорыі або прынамсі ў рэторыцы, як я казаў, мы былі сябрамі беларускай апазіцыі. Аднак нельга адначасова гуляць у такую гульню – быць і са злачынным рэжымам, і ў тым самым часе трошачкі – з апазіцыяй.
Важная рэч – ці спрабавалі мы адказаць сабе на пытанні, ці існуе якая-небудзь выключная палітыка Літвы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, ці мы, будучы дзяржавай ЕЗ, узгаднілі сваю замежную палітыку з Еўразвязам і маем з ім аднолькавую, узгодненую палітыку. Мне здаецца, што тут усе сабакі і закапаныя.
Мы дагэтуль быццам бы ведалі, што падтрымліваем дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Мы былі катэгарычна за любы мацнейшы сігнал Лукашэнку. Але сітуацыя змянілася, і мы не можам паводзіць сябе так, быццам бы нічога не змянілася. Змянілася. Такой яснасці ў нашай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі, якая, скажам, ёсьць у Польшчы, няма. Іх погляд вельмі строгі, ваяўнічы, непрымірымы. А наша палітыка даволі кампрамісная, непаслядоўная, супярэчлівая, і мне здаецца, што гэта магла быць адной з прычын таго, чаму частка нашых функцыянераў так паводзіць сябе ў дачыненні да беларускай справы. З другога боку, іхнымі дзеяннямі магло маніпуляваць якое-небудзь ведамства, свой уплыў магла мець і іхная некампетэнтнасць. Хоць я і не хачу верыць, што тут выявіўся непрафесіяналізм – гэта занадта адказныя справы, каб нехта наважыўся прыняць на сябе адказнасць і дзейнічаць ад свайго імя. Але, відаць, калі няма моцнай каардынацыі, агульнай канцэпцыі, яснай дзяржаўнай пазіцыі, можна чакаць новых ганебных памылак.
Кажучы пра магчымасці літоўскіх улад выйсці з гэтага становішча з гонарам, відаць, трэба было б паводзіць сябе так, як патрабуе кодэкс гонару, дзейны ў краінах старой дэмакратыі, дзе той гонар – не пустое слова. У гэтым выпадку я бачу толькі адно выйсце – вельмі ясна ацаніць тое, што адбылося, запатрабаваць адказнасці ад чыноўнікаў, якія былі за гэта адказныя. Думаю, што найбольшую адказнасць мусіла б узяць на сябе Міністэрства юстыцыі, а таксама ўрад, кабінет міністраў, Андрус Кубілюс як прэм’ер, Рэмігіюс Шымашус як міністар юстыцыі, і ўся ўладная кааліцыя, бо ў гэтым сьвеце ніхто не ізаляваны. Бо тое, што адбылося – гэта ня толькі эпізод, гэтая гісторыя можа стаць гістарычным сорамам Літвы. Каб магчы яго змыць, трэба ўчыніць вельмі ясныя дзеянні.
Думаю, што ўрад і Сойм мусяць сабрацца на нечарговай сесіі і выразна абвясціць, што адбылася недапушчальная памылка, якая не павінна паўтарыцца ў гісторыі дэмакратычнай рэспублікі Літвы. Гэта паслала б пазітыўны мэсідж, гэтак жа як і прабачэнне перад беларускай апазтцыяй і Алесем Бяляцкім і перадача Лукашэнку нашай пазтцыі, што яны не мусяць успрымаць гэта як тэндэнцыю, што адбылося непаразуменне, тэхнічная памылка і што ў стстэме прыярытэтаў Літвы нічога не мяняецца. Калі б такое нечарговае пасяджэнне адбылося, я б паверыў, што нашы палітыкі нешта зразумелі.
У Літве не падалі і не ўпадуць галовы міністраў, кабінет у адстаўку не падасць. Не тая этыка ў нашых палітыкаў, не той узровень свядомасці, гэтага ў Літве не было і чакаць гэтага ў будучыні не даводзіцца. І не варта было б спадзявацца такіх дзеянняў ад цяперашняга кабінету.
Мне здаецца, што прэзідэнт гэтую справу мусіць ацаніць вельмі сур’ёзна. Не хачу быць дрэнным прарокам, але яна можа пацярпець фіяска: гэтыя справы далёка не нявінныя. Занадта сур’ёзнае становішча, каб можна было абысціся нейкім, так сказаўшы, звычайным дзеяннем, калі здымаеш пару галоў і кажаш: бачыце, справядлівасць трыумфавала. Ніякая справядлівасць тут не трыумфавала, тыя другарадныя галовы ніколі б не наважыліся самі зрабіць тое, што зрабілі. За імі хаваўся або першы эшалон палітыкаў, або ўстановы, якія не любяць публічна інфармаваць пра сваю дзейнасць.
Значыць, прэзідэнт мусіла б вельмі прынцыпова ўсё ацаніць, узяць на сябе частку адказнасці і заявіць, што надалей такое не паўторыцца. Я не сумняваюся, што разам з ёй гэта мусіў бы зрабіць і прэм’ер-міністар. Бо тут гаворка не пра іх, а пра Літоўскую дзяржаву.
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!