У асяродку маладых журналістаў «Советская Белоруссия», напрыклад, – гэта нешта накшталт золавалютнага рэзерву беларускай медыяпрасторы. Усе ведаюць, што там шмат плацяць. Выйдзеш на вуліцу – дэградацыя і алкагалізм. Зірнеш у газету – распачынаецца «Маршрут цвярозасці». Кладзешся ў шпіталь – няма паловы лекаў, купляй сам. Разгортваеш газету – пабудавалі новыя медычныя цэнтры. Гэта журналісты жывуць у іншым свеце? Ці ім проста выгодна час ад часу заплюшчваць вочы?

«Вы ўсё разумееце самыя»

Гэта фраза – «Вы ўсё разумееце самыя» – будзе заўсёды суправаджаць журналіста. І калі рабочы тлумачыць нешта «не для друку», і калі чыноўнік адмаўляецца адказваць на пытанні, і калі строгі рэдактар выкрэслівае самыя гарачыя факты з тэксту. «Мы гэта не можам пусціць. Ты сама ўсё разумееш…»

Гэта замкнёнае кола, дзе ўсе ўсё разумеюць, але не адважваюцца пра гэта адкрыта сказаць. Журналісты газеты «Культура» працоўны дзень пачынаюць не з прэс-рэліза ад Міністэрства, а з сайтаў «Нашай нівы», «Хартыі’97», «Белпартызана»… Яны ўсё разумеюць і ведаюць, дзе шукаць інфармацыю, набліжаную да рэальнасці. Але як толькі ў кабінет уваходзіць рэдактар, старонкі «варожых сайтаў» згортваюцца – пачынаецца праца над тэмамі пра стабільнасць, развіццё і неўміручасць сістэмы ў літаратуры, балеце, кіно.

Вы спытаеце, навошта яны там працуюць? Насамрэч, ім самім досыць складана адказаць на гэтае пытанне.

Але калі падагульніць асноўныя адказы, то гэта «стабільны заробак», «сацыяльныя гарантыі», «магчымасць стаць у чаргу на кватэру». Пагадзіцеся, такія самыя адказы можна пачуць і на прахадной МТЗ.

Усё таму, што журналісты, у сваёй большасці, гэтакія самыя людзі, як і астатнія беларусы. Нас выхоўвала адна сістэма. І толькі адзінкі могуць сказаць гэтай сістэме «не».

Не бачыць, не чуць, не пісаць

На журфаку будучым журналістам на самай першай лекцыі кажуць: «Мы не навучым вас пісаць. Гэта або ёсць, або няма. Залежыць ад таленту». Прыкладна гэтак тлумачыць дэкан Сяргей Дубовік. І першакурснікам яшчэ страшна спытаць у яго: «А вы спрабавалі навучыць?» Таму гэтае пытанне калі і прагучыць, то адзінкава і на курсе чацвёртым-пятым. Але чаму дакладна журфак навучыць будучых акулаў пяра – гэта хлусіць. Дакладней – недагаворваць, утойваць, не заўважаць і не чуць таго, што трэба.

На вытворчую практыку студэнта ніколі не адпусцяць у «апазіцыйнае выданне» – так называюць прэсу, дзе крытыкуецца ўлада. Прычым нават БелаПАН не праходзіць цэнзуру. «Вы можаце там працаваць, колькі вам заўгодна, – тлумачыў мне намеснік дэкана Градзюшка. – Але журфак – гэта дзяржаўная ўстанова, і мы не можам вас адправіць у такія медыі на практыку. Ну вы ж усё разумееце самыя…»

Студэнт на занятак прыносіць «Народную волю» і рыхтуе даклад пра этычны выбар журналіста. «Дзякуй, але чаму вы ўзялі менавіта гэтае выданне? – спытае выкладчык. – Няўжо няма іншых нармальных газет?» І ўжо на першым курсе ўсе зразумеюць, што нармальныя – гэта «Рэспубліка», «Народная газета», «Кобрынскі веснік», «На страже» і г.д. А вось у «БелГазету», «Свабодныя навіны плюс» або, не дай бог, «Народную волю» ці «Нашу ніву» лепш не совацца.

Нядаўна размаўляла з Валянцінай, студэнткай чацвёртага курса. Кажу, што «Наша ніва» абвесціла пра набор супрацоўнікаў. «Так, выданне добрае. Але я туды пакуль не пайду. Хочацца нармальна універсітэт скончыць», – адказала мне яна.

Тыя, хто туды ўсё ж пайшоў, усё навучанне павінны былі хавацца за псеўданімамі, адстойваць права друкавацца свабодна і быць гатовым да адлічэння ў любы момант. Ці разумеюць студэнты, што гэта абсурд? Відавочна! Ці гатовыя яны змагацца з гэтым і адстойваць свае правы? Толькі адзінкі!

Большасць абірае шлях канфармістаў. Яны ідуць у дзяржаўныя выданні, бо гэта стабільна і часам нават прэстыжна.

У асяродку маладых журналістаў «Советская Белоруссия», напрыклад, – гэта нешта накшталт золавалютнага рэзерву беларускай медыяпрасторы. Усе ведаюць, што там шмат плацяць.

Адкуль бяруцца на гэта грошы, мала каго турбуе. Але праца ў такіх выданнях толькі навідавоку выглядае простай. Апроч звычайнай журналісцкай дзейнасці трэба быць гатовым да асаблівасцяў вытворчасці.

Пра якія тэмы нельга пісаць у дзяржаўных газетах

Тое, што дзяржаўная прэса не адлюстроўвае рэчаіснасці, цяпер зразумела нават самым бадзёрым аптымістам. Бо калі кошты ў крамах узрастаюць удвая, а газета піша пра тое, што мы ідзем правільным стабільным шляхам, разумееш, што тут нешта не сыходзіцца. Пра крызіс і падаражанне журналістам праўладных медыяў пісаць забаранілі. «Намеснік рэдактара сказала мне прапанаваць вострую надзённую тэму. Я вырашыла пісаць рэпартаж з рынку – з параўнаннем коштаў, меркаваннем пакупнікоў, гандляроў і чыноўнікаў – што такое адбылося, што кава цяпер стала каштаваць 100 тысяч рублёў, – распавядае былая карэспандэнтка «Звязды» Настасся Занько. – Намеснік рэдактара сказала: нам такая тэма не патрэбная. Толькі калі я напішу пра гэта ў аптымістычным ключы. А які тут аптымізм, калі людзям на прадукты грошай не хапае?»

Забароны рэдактары не выдумваюць самыя. Кожную пятніцу яны або іхнія намеснікі ходзяць на нарады ў Адміністрацыю прэзідэнта. Асноўны сігнал паступае адтуль.

Крытыкаваць уладу журналістам забаронена. Тыя, хто даўно працуе ў сістэме, гэта добра ведаюць і нават не парываюцца штосьці змяніць. Ініцыятыва звычайна ідзе ад маладых.

«Але ёсць дакладныя тэмы, на якія негатыўна пісаць нельга, – працягвае расповед Настасся Занько. – Гэта дзеянні Камітэта дзяржаўнага кантролю. Недакладныя праверкі, перабольшаныя штрафы – напісаць пра такія факты не дадуць. Я аднойчы паспрабавала. Прадстаўнік па сувязях з прэсай мне адразу сказаў: “Я не раю вам у гэта ўлазіць”. Тая ж самая сітуацыя з Генпракуратурай, з Адміністрацыяй прэзідэнта – гэта ўстановы з німбам на галаве, яны не могуць памыляцца».

Калі ўважліва паглядзець старонкі газет, то крытыка дзе-нідзе праскоквае. «Знайшлі “мальчика для битья” – Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вось яго можна і нават трэба крытыкаваць. Працякае дах, дрэннае ацяпленне, адключылі гарачую ваду – на такім узроўні крытыка можа быць. Магчыма крытыкаваць чыноўнікаў на мясцовым узроўні, але з гэтым трэба вельмі асцярожна», – кажа журналістка.

У працы Настассі быў выпадак, калі з-за артыкула на газету пакрыўдзілася ўся беларускай армія: «У мяне выйшла невялікая інфармацыя пра суіцыд у войску. Там неадназначная сітуацыя, бо бацькі салдата лічаць, што гэта было забойства. А ваенныя чыноўнікі настойваюць на суіцыдзе. Я дачакалася адказу з ваеннай пракуратуры. Падала інфармацыю з абодвух бакоў. Але ваенным начальнікам гэта не спадабалася. Яны пакрыўдзіліся і наогул перасталі выпісваць газету».

Прымусовая падпіска – таксама справа журналіста

Распаўсюд выдання – гэта яшчэ адна важная праца для журналістаў. Здаецца, усе чулі пра прымусовую падпіску. Але як гэта працуе насамрэч? «За кожным журналістам замацаваны пэўны рэгіён. Ён мусіць ездзіць туды, сустракацца з мясцовай вертыкаллю, пісаць нейкія тэматычныя артыкулы і дамаўляцца, каб падпіска павышалася. Не будзеш ездзіць – не атрымаеш прэміі. Апроч таго, журналістаў адпраўляюць на нарады з ідэолагамі ад прадпрыемстваў. Карэспандэнты (а не рэкламны аддзел) прыходзяць на сустрэчу з буклетамі і расповедамі, якое цудоўнае ў іх выданне. Па форме гэта нагадвае сход камсамольцаў: справаздача старшыні адміністрацыі раёна, хто колькі выпісаў за апошні перыяд, абяцанні падтрымкі на старонках газет і гэтак далей».

У падпісной кампаніі сапраўднай гонкі няма. Ёсць неафіцыйнае правіла – «СБ – Беларусь сегодня» павінны выпісваць усе, а вось «Рэспубліку», «Звязду» ці «Народную газету» – на выбар.

Пасля сустрэчы з журналістамі ідэолагі размяркоўваюць, хто з супрацоўнікаў павінен выпісаць газету. На некаторых заводах гэта пачалі называць «абавязковы бонус да прэміі».

«Напішыце пра нас добра»

Дамовіцца на сустрэчу з чыноўнікам ці атрымаць інфармацыю для дзяржаўных журналістаў куды прасцей, чым для іхніх калегаў з недзяржаўнага выдання. Але і тут бываюць выключэнні. «Ёсць сапраўды адкрытыя міністэрствы, ёсць тыя, дзе хлусяць, але хоць бы узгоднена, а ёсць, напрыклад, Міністэрства адукацыі ці Міністэрства аховы здароўя. Тут, каб атрымаць каментар ад чыноўніка, трэба перш дабіцца дазволу прэсавага сакратара і ўсіх вышэйшых чыноўнікаў. У выпадку з Мінадукацыі дарадца па сувязях з грамадскасцю часам настойвае на дазволе ад самога міністра», – распавядае Настасся.

Паводле закона, узгадняць інфармацыю з крыніцай журналіст не абавязаны, але чыноўнікі настроеныя на іншую хвалю. «Памятаю, як брала каментарый у чыноўніцы з Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі ды грамадскага здароўя па пытанні, якія вадаёмы забароненыя для купання. Тры сказы каментарыя ўзгаднялі дзве гадзіны. Суразмоўца правіла стыль, перастаўляла словы і ўсё ніяк не давала дазвол на публікацыю: “Вы так напісалі, нібыта я як просты чалавек кажу, а я не магу так размаўляць – я на пасадзе”, – патлумачыла яна мне тады».

Больш за ўсё чыноўнікі любяць, калі журналісты наўпрост паўтараюць прэс-рэлізы: там жа ўсё выверана. А фраза «Напішыце пра нас добра» – гэта не просьба, а рэкамендацыя.

На адной з маўклівых акцыяў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі папрасіў усіх журналістаў адысці ў бок і не стаяць у цэнтры плошчы. «Дык тут жа цэнтр падзей! – абураліся калегі. – Можа, нам наогул сысці, а вы нам пасля прэс-рэліз дашлеце?»

Пазіцыю чыноўнікаў пачынаюць адстойваць і рэдактары. Магчыма, пасля настойлівых размоваў у Адміністрацыі прэзідэнта. «У мяне быў выпадак, калі мой артыкул пра закрыты доступ да “Хартыі’97” не прынялі ў друк таму, што я ўзяла каментарыі правайдараў і карыстальнікаў, якія пацвердзілі, што сайт не адкрываецца не толькі ў дзяржаўных установах, як абяцала Генпракуратура, але і ў звычайных карыстальнікаў. Мне зрабілі заўвагу, што гэтыя каментарыі лішнія. Трэба было рабіць як БелТА – што на прэс-канферэнцыі сказалі, тое і даваць», – кажа Настасся Занько.

Апошнім часам, дарэчы, чыноўнікі часта арганізуюць сустрэчы з журналістамі. Але не трэба думаць, што гэта ад вялікай любові да прэсы. Праводзіць гарачыя лініі ды прэс-канферэнцыі яны абавязаныя паводле ўказа прэзідэнта №119 ад 22 красавіка

Карэспандэнт «Звязды» Павел Бераснеў дзеліцца ў сваім блогу досведам: «Як правесці прэс-канферэнцыю так, каб журналісты не задалі пытанняў? Правільна, абазваць яе брыфінгам: прыйшоў, з паперкі нешта пачытаў і пайшоў. Ніякіх табе нязручных пытанняў. А яшчэ лепей абазваць гэта відэа-брыфінгам: і гучыць модна, і ўжо 100% ніхто нічога не спытае. Прыкладна так адбылося і ўчора: прайшоў брыфінг міністра эканомікі Мікалая Снапкова з журналістамі. Прычым прэс-служба Мінэканомікі за пару дзён патэлефанавала журналістам і папрасіла загадзя даслаць свае пытанні. Даслалі. Ды толькі міністр адказаў на тыя, якія падаліся яму не вельмі вострымі».

«Страх забівае разуменне»

Калі ў журналістаў развязваюцца языкі – на карпаратыве, пасля планёркі ці проста ў курылцы, яны ўвесь час паўтараюць: «Ды я ўсё разумею! Ды так немагчыма» – але ўсё адно вяртаюцца на працоўнае месца і працягваюць артыкул пра тое, што падтрымка калгасаў сёлета вывела іх рэнтабельнасць на новы ўзровень. «Страх забівае разуменне, – упэўненая Настасся Занько. – Ім страшна падумаць, што будзе далей. Даражэе папера, звальняюць людзей, ужо няма адкуль браць датацыі на падтрымку, але мала хто думае, што будзе заўтра канкрэтна з ім».

Хіба ж не гэтаксама жывуць астатнія беларусы?

Поделиться: