На просьбу “Радыё Свабода”  Майкл Мэн, прэс- сакратар высокага прадстаўніка Еўразвязу ў пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан, пракамэнтаваў апошнія падзеі, звязаныя з Беларуссю – адмову ўезду ў Літву намесніцы міністра юстыцыі Беларусі Але Бодак, новыя эканамічныя санкцыі Вашынгтону адносна афіцыйнага Мінску і памілаванне Аляксандрам Лукашэнкам дзевяці вязняў Плошчы.

Максімюк: Спадарыня Ала Бодак знаходзіцца ў спісе неўязных у Еўразвяз, але падаецца, што днямі яна магла спакойна ўехаць у Літву, калі б не беларускія незалежныя СМІ, якія пачалі крычаць на ўвесь голас, што яе нельга ўпускаць у Літву. Раней ёй без праблем  выдалі літоўскую візу. У сувязі з гэтым маё першае пытанне: Ці існуе нейкі эфектыўны механізм у Еўразвязе, які не дазваляў бы  выдачу віз асобам у спісе неўязных? Ці, можа, існуюць нейкія выключэнні для асоб у такіх спісах, і некаторыя краіны Еўразвязу могуць не выконваць пастаноў, якія былі прынятыя ўсімі міністрамі замежных спраў у Брусэлі?

Мэн: Як вы сказалі, гэтую спадарыню завярнулі з мяжы, ёй не дазволілі ўехаць у краіну Еўразвязу, так што ў выніку ніякай праблемы не ўзнікла. Усе краіны-сябры Еўразвязу абавязаны выконваць візавую забарону у адносінах да ўсіх асоб у спісе неўязных, незалежна ад таго, кім такая асоба з’яўляецца.

Некаторыя выключэнні магчымыя, калі краіна арганізуе сустрэчу міжнароднай арганізацыі. Тады краіна, дзе адбываецца такая сустрэча, можа звярнуцца з просьбай аб вызваленні некаторых асоб з-пад візавай забароны, але гэта не значыць, што яна абавязкова звернецца.

У асноўным аднак жа, калі ўсе 27 краін-сяброў Еўразвязу пагаджаюцца ўвесці візавыя ці іншыя санкцыі, то кожная краіна мусіць такое рашэнне выконваць. Ну і як вы бачылі ў гэтым выпадку, у канчатковым выніку рашэнне аб візавай забароне было ўшанавана.

Максімюк: А калі нейкая краіна хоча атрымаць вызваленне нейкай асобы ад візавай забароны, дык што яна павінна зрабіць? Звярнуцца з просьбай у Брусэль?

Мэн: Вызваленні ад візавай забароны як такой не даюцца. Мы тут гаворым пра такое магчымае выключэнне, як, напрыклад, сітуацыя, калі людзі пад візавымі санкцыямі з краін, якія здабываюць нафту, хочуць удзельнічаць у сустрэчы краін АПЭК. Гэта адзіны прыклад, які мне зараз прыходзіць у галаву. У такім выпадку краіна, якая арганізуе сустрэчу, можа папрасіць аб вызваленні некаторых асоб ад візавых санкцый. Але гэта сапраўды выключэнне, а не правіла.

Максімюк: Ці вы ведаеце аб такіх выпадках у нядаўняй міжнароднай практыцы, калі некага вызвалілі з-пад візавай забароны? Нехта стараўся атрымаць такое выключэнне?

Мэн: Я не чуў пра такія выпадкі ў апошнім часе, але, каб даць вам прыклад, я скажу, што нядаўна вяліся размовы наконт аднаго спадара з Ірану, які знаходзіцца ў спісе неўязных і якога паставілі ў Іране міністрам у пытаннях нафты і газу. Размовы датычылі таго, што рабіць, калі ён захоча прыехаць на сустрэчу АПЭК.

Максімюк: Міністэрства фінансаў ЗША ўчора ўвяло новыя эканамічныя санкцыі супраць чатырох беларускіх кампаній, каб такім чынам выказаць пратэст супраць далейшага парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Ці нешта паказвае на тое, што Брусэль мог бы пайсці следам Вашынгтону?

Мэн: Апошняе рашэнне Еўразвязу ў гэтым кірунку было 20 чэрвеня, калі мы ўзмацнілі свае санкцыі супраць беларускага рэжыму: увялі эмбарга на экспарт узбраення, матэрыялаў і абсталявання, якія могуць выкарыстоўвацца рэжымам для ўнутраных рэпрэсій; дадалі чатыры прозвішчы ў спіс неўязных; замарозілі актывы трох кампаній, звязаных з рэжымам; і заклікалі нашы банкі не даваць пазыкаў Мінску. Ключавым для нас застаецца патрабаванне, каб беларускі рэжым вызваліў і апраўдаў зняволеных за пратэст пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Толькі пасля гэтага мы можам пачаць абмеркаванне магчымага змякчэння санкцый. Але мы таксама сказалі, што мы пастаянна сочым за сітуацыяй у Беларусі і што можам дадаць новых асоб у спіс неўязных у залежнасці ад сітуацыі.

Максімюк: Учора стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 9 чалавек, зняволеных за ўдзел у пратэсце пасля прэзідэнцкіх выбараў. На вашу думку, як Брусэль павінен адказаць на гэты крок беларускага рэжыму?

Мэн: Мы сказалі ясна, што сітуацыя ў Беларусі для нас непрымальная.
Нельга замыкаць у турме людзей толькі за тое, што яны знаходзяцца ў апазіцыі. Мы верым у дэмакратыю, і калі ў краіне праводзяцца свабодныя і дэмакратычныя выбары, дык ніхто не саджае людзей у турму пасля выбараў. Вызваленне некаторых вязняў у Беларусі – гэта, зразумела, крок у правільным кірунку. Але яго замала. Мы хочам бачыць вызваленне ўсіх несправядліва зняволеных. І не будзе ніякай размовы пра змякчэнне санкцый, пакуль гэтага не адбудзецца.

Поделиться: