Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам: не зважайце на словы А.Лукашэнкі пра магчымае вызваленне палітычных зняволеных. Малаверагодна, што гэта адбудзецца; пачнецца гандаль, пачнуцца перамовы, якія, хутчэй за ўсё, скончацца выплатай авансу, але дамова не будзе выкананая. Не верце хлуслівым абяцанкам і не думайце, што санкцыі могуць пашкодзіць беларускаму народу. Горш беларусам ужо бадай што не будзе. Ім шкодзяць не вонкавыя санкцыі, а ўнутраная палітыка. А істотны ціск здольны, як у выпадку з Аляксандрам Казуліным, вызваляць нявінных людзей з вязніц. Вось толькі Аляксандр Казулін, калі вы спрабавалі вырашыць пытанне “лагодна” і гандляваліся, збіваючы кошт, паспеў страціць жонку. Яе не выкрадалі. Але яна стала ахвярай, якая ў пэўнай ступені застаецца на сумленні не толькі антыбеларускага рэжыму.

Мы звяртаемся да ўладаў Расіі:

не падтрымлівайце гэты ганебны для свету рэжым, таму што такая падтрымка робіць вас падобнымі на Лукашэнку, але не дапамагае ні беларускаму, ні расійскаму народам. Грошы расійскіх падаткаплацельшчыкаў, якія другое дзесяцігоддзе трацяцца на ўтрыманне непрадказальнага суседа, маглі б выратаваць жыцці сотняў тысяч расіян, якія не выжылі папросту таму, што бракавала бюджэтных сродкаў на іх выратаванне. Адэкватны сусед, які ўсведамляе, што калі пазычыў, дык трэба своечасова вярнуць гэтую пазыку, нашмат больш прымальны. З ім мажліва дамовіцца. Але з цяперашнім рэжымам — немагчыма.

Мы звяртаемся да нашых суграмадзян:

не гуляйцеся з сённяшняй уладай у выдуманыя ёю гульні. Не дапамагайце ёй пратрымацца яшчэ хаця б лішні дзень. Не ўдзельнічайце ў яе праектах — ад парламенцкіх і мясцовых выбараў да разнастайных латарэй. Не бойцеся прамаўляць, пратэставаць, не пагаджацца на незаконныя ці часам заганныя ўчынкі. Не думайце, што па вас прыйдуць, — па вас ужо прыйшлі, але вы гэта яшчэ не заўважылі. І мы ўсе, вобразна кажучы, у адной турме, а з круцялямі дамовіцца немагчыма. Выйсце адно — не гуляць па іх правілах. Не браць іх грошы. Не аддаваць ім свае. Не лічыць іх вечным злом, бо даўгалецце зла залежыць ад нас. Як казаў адзін персанаж Альбера Камю, “развітацца з жыццём не страшна, на гэта ў мяне хопіць мужнасці, калі спатрэбіцца. Але калі назіраць, як знікае сэнс нашага жыцця, як мы губляем падставы існаваць, — невыносна. Нельга жыць, не маючы для гэтага падстаў”.

Мы не хочам, каб да нашых родных далучаліся новыя ахвяры.

Мы хочам спыніць гэтую эпідэмію. Але зрабіць гэта можам толькі ўсе разам. Мы заклікаем усіх падумаць не толькі пра сённяшні, але і пра заўтрашні дзень. Не толькі пра зняволеных, але і пра выкрадзеных, памёршых пры падазроных абставінах. Не толькі пра нашых, але і пра вашых дзяцей. І гэта не попел Клааса грукаецца ў нашыя сэрцы — папросту гэта сумленне. Прыслухайцеся ж і да сябе.

Людміла КАРПЕНКА, удава памерлага Генадзя Карпенкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.

Таццяна КРАСНІЦКАЯ, дачка памерлага Генадзя Карпенкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.

Вольга ЗАХАРАНКА, удава зніклага Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Алена ЗАХАРАНКА, дачка зніклага Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Юлія ЗАХАРАНКА, дачка зніклага Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Святлана ЗАВАДСКАЯ, удава зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Ірына КРАСОЎСКАЯ, удава зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.

Валерыя КРАСОЎСКАЯ, дачка зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.

Ірына ХАЛІП, асуджаная з адтэрміноўкай пакарання жонка зняволенага экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, міжнароднага каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

Ірына БАГДАНАВА, сястра зняволенага экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава, міжнароднага каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

Вольга БАНДАРЭНКА, жонка зняволенага палітыка Зміцера Бандарэнкі, каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

Наста ПАЛАЖАНКА, умоўна асуджаная, нявеста зняволенага палітыка Зміцера Дашкевіча, старшыні афіцыйна зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб’яднання “Малады Фронт”.

Дар’я КОРСАК, жонка зняволенага журналіста Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава.

Людміла МІРЗАЯНАВА, маці зняволенага студэнта Фёдара Мірзаянава.

Ева НЯКЛЯЕВА, дачка асуджанага з адтэрміноўкай пакарання экс-кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, лідара грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”.

Таццяна СЕВЯРЫНЕЦ, маці асуджанага да абмежавання волі палітыка Паўла Севярынца, сустаршыні арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

Алена ЛІХАВІД, маці зняволенага Мікіты Ліхавіда,

Святлана ВІНАГРАДАВА, жонка зняволенага Паўла Вінаградава.

11 жніўня 2011 г.



Поделиться ссылкой: