Па шчырасці, адказ, які прыйшоў Някляеву са сталічнай пракуратуры, выглядае дзіка. Увесь свет абышлі кадры нападу на экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Аднак беларуская пракуратура ніякага складу злачынства ў гэтым не знайшла.
Стаўленне сталічнай пракуратуры да справы аб збіцці Уладзіміра Някляева яскрава выявілася і ў тым, што пабоі ў яго знялі толькі праз 7 месяцаў пасля здарэння — 19 ліпеня бягучага года.

“Мне многія казалі, што не варта звяртацца ў пракуратуру па гэтай справе, — гаворыць Уладзімір Пракопавіч. — Але я лічу, што вынік ёсць. Ён відавочны: у гэтым кароткім адказе з пракуратуры прадэманстраваны ўвесь цынізм і непрафесіяналізм гэтай сістэмы. У адказе пераблытаны даты, там напісана, што напад на мяне адбыўся 19 снежня… 2011 года, што на прынятае рашэнне я магу скардзіцца таму самаму пракурору, які прыняў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы… У дакуменце ёсць спасылка на тое, чаму пракуратура не можа ўзбудзіць крымінальную справу. Аказваецца, у дзеяннях неўстаноўленых асоб няма складу злачынства. Такім чынам, як вынікае з гэтага адказу, пракуратура не адмаўляе факт нападу на мяне, але, па сутнасці, сказана, што кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах спецслужбы гэтай краіны збілі па законе”.

На думку палітыка, падобны адказ з пракуратуры сведчыць пра наступнае: “Дзяржаўная сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, даведзена да маразму”. Падобнае стаўленне да правоў і свабод грамадзян у Беларусі азначае адно: сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, павінна ляснуцца. І яна абавязкова ляснецца…”

Аднак, нягледзячы ні на што, Някляеў збіраецца абскарджваць пракурорскае рашэнне ў судзе.
“Справа тут не толькі і не столькі ў Някляеве, — гаворыць ён. —  Тут справа не толькі ў маім збіцці. Я хачу высветліць, што ж насамрэч адбылося 19 снежня мінулага года. Маё збіццё стала першым крокам да таго, што пазней стала адбывацца на Плошчы. А тое, што адбылося на Плошчы, у рэшце рэшт прывяло краіну да ізаляцыі…”
Віталь ГАРБУЗАЎ.

Поделиться ссылкой: