Нагадаем  сутнасць справы… У 2009 годзе Гродзенская пракуратура ўгледзела ў службовых дзеяннях генерала злоўжыванне уладай і службовымі паўнамоцтвамі. У віну яму ставілася тое, што высокі міліцэйскі чыноўнік скарыстоўваў дзяржаўныя матэрыяльныя рэсурсы для пабудовы ўласнага катэджа ў пасёлку Паўднёвы. Пакуль вялося следства, генерал не спаў у шапку, а знік з поля зроку праваахоўнікаў у невядомым напрамку. На цэлых паўгода. Тады ледзь не ўся беларуская міліцыя шукала “генерала-невідзімку”. І не знайшла, пакуль той сам не аб’явіўся.Тым часам мясцовыя “зайздроснікі” падлічылі, што рынкавы кошт пабудаванага генеральскага катэджа цягне на ўсе 200 тысяч долараў. Але дарэмна паціралі рукі гродзенскія праўдарубы, генерал знайшоў-такі выхад з амаль безвыходнага становішча, у якое ўляпаўся, імкнучыся жыць на шырокую ногу. Якім чынам? А вельмі проста – скарыстаўся магчымасцю спыніць угалоўны пераслед у адносінах да сябе, які прадастаўляе артыкул 88 УК РБ “Вызваленне ад угалоўнай адказнасці ў сувязі з дзейсным раскаяннем”.Міліцэйскі чын тут жа прызнаўся ў незаконна здзейсненым і хуценька напісаў пакаяльную самому прэзідэнту з просьбай памілаваць. А той прашэнне і задаволіў. З тае прычыны, трэба разумець, што генерал вярнуў-такі ў казну 30 мільёнаў рублёў, якія – па-усяму – былі скрадзены з вышэй азначанай казны. Такім чынам справа была закрыта, генерал амаль сухім выйшаў з вады. Нават пенсіі не страціў генеральскай, ды і катэдж нікуды не падзеўся.

Самае аднак  пікантнае ўтым, што цяпер за былога начальніка ў генеральскіх пагонах  аддуваецца ягоны падначалены па гаспадарчай частцы падпалкоўні Сяргей Руднік. Яго таксама абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, бо памагаў будаваць генералу ўсё той жа катэдж. Пакуль што суд не вынес па гэтай справе свой вердыкт. Проста нейкая дзівата: генерал, які загадваў свайму падначаленаму, вызвалены ад угалоўнага пераследу. А падначалены, які выконваў загады начальніка – пад судовай пагрозай. Ці не пара і яму пісаць на самы верх пакаяльную з просьбай памілаваць?..



Поделиться ссылкой: