Нагадаем: Алеся Міхалевіча адпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе пасля таго, як ён падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. Пасля гэтага палітык склікаў прэс-канферэнцыю, на якой абвінаваціў улады ў катаваннях арыштаваных, якіх трымалі пад вартай у “амерыканцы”. Ён патлумачыў, што падпісаў дамову толькі дзеля таго, каб мець магчымасць распавесці грамадству пра тое, што адбывалася ў следчым ізалятары. Алесь Міхалевіч цяпер знаходзіцца ў Празе. Ён атрымаў у Чэхіі палітычны прытулак.

Тэкст звароту:

«Мы павінны дазволіць Лукашэнку сысці»

Усё больш востра паўстае пытанне перадачы ўлады тым, хто ў стане хутка і эфектыўна рэфармаваць эканоміку краіны. Але яно ўпіраецца ў тое, што Лукашэнка проста не можа сысці з прэзідэнцкай пасады, перадаць уладу тым, хто аддасць яго і яго блізкіх пад суд.

Я, Алесь Міхалевіч, выступаю за безумоўную і поўную амністыю Аляксандру Лукашэнку, а таксама вышэйшым чыноўнікам і афіцэрам беларускай дзяржавы, вызваленне іх ад адказнасці за ўсе дзеянні, якія былі здзейсненыя імі падчас знаходжання ва ўладзе.

Незадаволенасць людзей будзе ўзмацняцца. Нават, калі ўлада будзе жорстка душыць усё пратэсты, вельмі хутка яны набудуць сапраўды масавы характар. Не выключана, што ў сённяшніх умовах урад Лукашэнкі не спыніцца і аддасць загад страляць у мірных людзей. Між Мубаракам і Кадафі Беларусь відавочна выбірае лівійскі варыянт.

Тыгру, заціснутаму ў кут, нічога не застаецца, акрамя як абараняцца да апошняга. Мы павінны разумець, што проста “выдушыць” ўрад Лукашэнкі з улады не атрымаецца ва ўмовах, калі ў гэтых людзей аб’ектыўна не засталося выйсця, акрамя як трымацца за ўладу. І калі мы самі не зменім стратэгію, то толькі Богу вядома, якія ахвяры і злачынствы будуць здзейсненыя.

Прапанова ўраду сысці без увядзення амністыі гучыць, як заклік скокнуць у прорву. Лукашэнка і іншыя чыноўнікі разумеюць, што ў іх няма будучыні, а калі яны аддадуць ўлада сённяшняй апазіцыі – практычна ўсе будуць пасаджаны ў турму, а некаторыя могуць быць растраляныя.

Каб пазбегнуць вялікіх ахвяраў часта трэба ісці на меншыя. І я прашу прынесці ў ахвяру прынцыпы і пакрыўджаныя пачуцці, таму што гэта, несумненна, меншая ахвяра, чым жыццё нават аднаго чалавека.

Мне зразумелыя пачуцці тых, хто пацярпеў ад дзеянняў уладаў. Мая сям’я і я сам адчулі на сабе ціск, многія пацярпелі значна мацней. Але мы павінны глядзець у будучыню, думаюць не пра помсту, а пра бяспеку грамадзян, захаванні суверэнітэту і як мага больш хуткі выхад з эканамічнага крызісу.

Я выразна ўсведамляю, што многія могуць адвярнуцца ад мяне пасля гэтай заявы. Тым не менш, калі мы хочам пазбегнуць грамадзянскай вайны, іншага шляху няма. Мы не павінны прыносіць у ахвяру жыццё і дабрабыт іншых людзей дзеля жадання помсты і захавання ўласнага гонару.

Сённяшняя ўлада прынцыпамі ахвяраваць не можа, і таму пад моцным ціскам яна не спыніцца нават перад ужываннем зброі супраць дэманстрантаў.

Людзі, якія знаходзяцца сёння ва ўладзе, не павінны быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, незалежна ад колькасці і ўзроўню іх злачынстваў. Мы павінны забяспечыць максімальна спрыяльныя шляхі адступлення для гэтых людзей, а таксама надзейнасць выканання дадзеных абавязацельстваў, калі мы хочам рухацца ў будучыню, і пры гэтым пазбегнуць кровапраліцця і грамадзянскай вайны.
Гэтая ідэя не новая, і ў гісторыі ёсць прыклады, калі падобныя сцэнарыі рэалізоўваліся паспяхова. Як палітык, я не бачу разумных альтэрнатыў ў гэтым пытанні.
[13:43:19] Люба Лунёва: Любоў Лунёва

Поделиться: