“Праграма распрацавана прафесарам Станіславам Багданкевічам, — гаворыць Анатоль Лябедзька. — Яна ўтрымлівае канкрэтныя прапановы па вывядзенні нашай эканомікі з той сітуацыі, у якой яна апынулася зараз”.

З моманту перадачы антыкрызіснай праграмы мінула два месяцы. Хто з адрасатаў адгукнуўся на прапанову Аб’яднанай грамадзянскай партыі? З гэтым пытаннем “Народная Воля” звярнулася да Анатоля Лябедзькі.

— Дастаткова хутка адрэагаваў Леанід Козік і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, — адказаў Лябедзька. — Яны даслалі нам адказ даволі станоўчага зместу. У тым рэчышчы, што праграма, прапанаваная АГП, своечасовая, што яна ўтрымлівае важныя і цікавыя палажэнні, і што ёсць неабходнасць яе абмеркавання. Так што афіцыйныя прафсаюзы сам факт з’яўлення гэтай праграмы падтрымалі. Гэта ў нечым і нечакана.

А што датычыцца Нацыянальнага банка Беларусі, то адтуль даносіцца ўпартая цішыня. Ні слыху ні дыху. Такое ўражанне, што з сыходам Пракаповіча паралізавала не толькі фінансавую сістэму, але і дзейнасць гэтай установы.

Што да ўрада, то сітуацыя наступная: антыкрызісная праграма Аб’яднанай грамадзянскай партыі знаходзіцца ва ўпраўленні прагнозаў і эканамічнага развіцця. Пакуль мы працягваем чакаць пісьмовага адказу. А калі наша праграма не будзе падтрымана, то, як я казаў яшчэ два месяцы таму, будзем патрабаваць адстаўкі Савета міністраў на чале з Міхаілам Мясніковічам.


Поделиться: