Раней да асобных кіраўнікоў калоній звяртаўся лідар руху “За Свабоду” экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч. Былі таксама звароты міжнароднай супольнасці з патрабаваннем стварыць годныя ўмовы для палітвязняў і спыніць ціск на іх з боку турэмных адміністрацый. Ўладзімір Арлоў піша ў сваім лісце:

Начальніку горацкай калоніі
 начальніку наваполацкай калоніі
 начальніку івацэвіцкай калоніі
 начальніку магілеўскай калоніі
 начальніку бабруйскай калоніі
 і ўсім начальнікам перапоўненых калоній і турмаў Беларусі

Грамадзяне начальнікі!

Мне не хочацца думаць, што вы з дзяцінства марылі стаць начальнікамі турмаў. Напэўна, так склаліся абставіны. Магчыма, кагосці з вас проста прымусілі. Трэба ж некаму рабіць самую чорную працу.

Часам я спрабую паставіць сябе на ваша месца. Напрыклад, думаю, што б я адказаў спадарожніку ў цягніку ці самалёце на пытанне, кім працую. Дырэктарам гатэлю? Інжынерам чалавечых душ? Ці хапіла б у мяне смеласці прызнацца, што я – начальнік беларускай турмы?

У абывацельскай свядомасці яшчэ не памерла даўно загнаная туды думка, што невінаватага ў турму не пасадзяць. Але каму, як не вам, выдатна вядома, што гэта хлусня. У розныя часы за краты траплялі не толькі абсалютна невінаватыя людзі. Вельмі часта там апыналіся лепшыя. Яны былі вінаватыя ў тым, што хацелі свабоды, святла, праўды не для сябе, а для ўсіх, для цэлай краіны. Потым іх лічылі гонарам нацыі, іхнімі імёнамі называлі вуліцы і плошчы, ім ставілі помнікі.

Вы, пэўна ж, ведаеце, што некалі вязнем мінскага Пішчалаўскага замка — цяперашняй Валадаркі — быў малады Якуб Колас.
 А за паўстагоддзя да яго там сядзелі паплечнікі Кастуся Каліноўскага, удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года. Вы павінны ведаць і пра тых, хто быў зняволены ў сумна, а дакладней, страшна вядомай “амерыканцы” ў 1930-я гады.
 Там катавалі і разлучалі з жыццём самых таленавітых, сумленных, адданых Беларусі.

Калісці мяне запрасілі выступіць перад сябрамі “Маладога Фронту”(зарэгістраваны ў Чэхіі). Мы гаварылі пра літаратуру і гісторыю. На сцяне быў напісаны дэвіз маіх слухачоў – “Беларусь – гэта святое”. Я спрабую ўявіць, які дэвіз у тых, хто праз два дні рэзаў дзверы той кватэры аўтагенам і заганяў Зміцера Дашкевіча, Насту Палажанку ды іхніх аднадумцаў у аўтазак.

Я кожны дзень думаю пра тое, што адбываецца ў гэтыя хвіліны са Зміцерам Дашкевічам, Мікітам Ліхавідам, якога зноў і зноў кідаюць у карцэр, з Фёдарам Мірзаянавым і Зміцерам Драздом, з Міколам Статкевічам і Андрэем Саннікавым… Нядаўна ў прэсе з’явілася паведамленне, што палітвязня Зміцера Бандарэнку ў карцэры садзілі на ланцуг. Гэтага моцнага, вольналюбівага, мужнага чалавека хацелі прынізіць да ўзроўню сабакі. Але турэмшчыкі прынізілі не яго, а – у чарговы раз – сябе.

Я ўпэўнены, што ўлада, якая прыйдзе на змену цяперашняй, саджаць сваіх апанентаў на ланцуг не будзе. Але адказваць давядзецца. Падумайце пра гэта, грамадзяне начальнікі, сёння, калі ў вашых руках чалавечая годнасць, здароўе, а магчыма, і жыццё тых, чые імёны ведае не толькі Беларусь, але і ўвесь свабодны свет.

Уладзімір Арлоў,
пісьменнік

Поделиться ссылкой: