4 жніўня на адрас Міністэрства сельскай гаспадаркі, якое знаходзіцца на вуліцы Кірава, 15, будуць паступаць лісты з патрабаваннем весці справаводства на беларускай мове. 

Гэтая ініцыятыва з’явілася ў сацыяльных сетках. Наведвальнікі інтэрнэту распрацавалі тэкст звароту. Аўтары нагадваюць, што “на Пятым з’ездзе беларусаў свету МГА ЗБС “Бацькаўшчына” міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка заверыў прысутных дэлегатаў у тым, што зробіць усё магчымае, каб перавесці Міністэрства культуры на беларускую мову. З гэтага вынікае, што перавод усіх міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых Саветаў дэпутатаў, раённых выканаўчых камітэтаў, вышэйшых навучальных устаноў, устаноў культуры і іншых дзяржаўных устаноў на беларускую мову з’яўляецца цалкам магчымым”.

Аўтары пішуць далей міністру сельскай гаспадаркі: “Канешне, можна разважаць аб тым, што ў нашай краіне дзвюхмоўе, і таму весці справаводства і размаўляць можна толькі на рускай мове. Але дзвюхмоўе значыць, што павінны ўжывацца ў роўнай колькасці дзве мовы! Таму ў дадзеным выпадку лічу, што справаводства павінна дубліравацца на беларускай і рускай мовах, а ўсе прымаемыя акты таксама павінны быць на рускай і беларускай мовах. Гэта наш маральны абавязак, калі мы лічым сябе грамадзянамі Беларусі, а Беларусь – незалежнай дзяржавай. Бо краіна наша – Рэспубліка Беларусь, а не Расійская Федэрацыя. Акрамя гэтага, прымаючы ва ўвагу няпростае эканамічнае становішча, дзеля зберажэння дзяржаўных сродкаў і аддачы даніны павагі нашай краіне, яе мове і культуры, на дадзеным этапе гістарычнага развіцця Беларусі было б магчыма весці справаводства толькі на беларускай мове, прынамсі, ва ўстановах асветы і адукацыі, што паказвае прыклад Міністэрства культуры. Да таго ж, як вы можаце заўважыць, у нашай краіне ў апошні час на самым вышэйшым узроўні пачалася новая хваля беларусізацыі і ідэалагічна было б недапушчальна, каб вы не падтрымалі гэтую ініцыятыву. Мы павінны быць патрыётамі сваёй краіны, імя якой – Рэспубліка Беларусь”.

Аўтары ліста прапануюць міністру пачынаць весці справаводства па-беларуску, у калектыўных дамовах прапісаць меры заахвочвання для асобных членаў працоўных калектываў у накiрунку садзейнічання гэтымі мерамі ўсталявання справаводства па-беларуску, рэкамендаваць ужыванне беларускай мовы ў штодзённым жыцці, а таксама перавесці інтэрнэт-сайт міністэрства на беларускую і рускую мову ў адпаведнасці з Палажэннем “Аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый”.

Кожны аўтар ліста будзе прасіць даць яму адказ у пісьмовым выглядзе.

Поделиться ссылкой: