Ніводнага інтэрв’ю ў СМІ, рэдкія фота, ніводнага з’яўлення на публіцы… Нават закрытыя ад беларусаў мільянеры Юрый Чыж і Уладзімір Пефціеў свяціліся пад прыцэлам камер.

Пакуль ягоная кампанія «Тытунь-Інвест» з дазволу дзяржавы спальвае лёгкія беларусаў, сам Тапузідзіс будуе сабе верталётны клуб і маёнтак на беразе Мінскага мора.

«Наша Ніва» расказвае пра разгалінаваны бізнэс таямнічага алігарха.

У чалавека-касмапаліта Паўла Тапузідзіса змяшаныя грузінская і грэцкая кроў. Прычым менавіта Грэцыя з’яўляецца ягоным другім домам. Першым стала Беларусь. Акурат тут малавядомы замежнік, які пачынаў з вытворчасці пластмасавых цацачных самалёцікаў, атрымаў у рукі звышпрыбытковы тытунёвы бізнэс.

У князі з дазволу дзяржавы

«Тытунь-Інвест» — мінская кампанія, якая займаецца адначасова і імпартам, і ўласнай вытворчасцю цыгарэт.

Тытунёвы рынак жорстка кантралюецца ўладамі. На ім усяго два гульцы — Гродзенская тытунёвая фабрыка, больш за 99% акцый якой належаць дзяржаве, і сумеснае амерыканска-беларускае прадпрыемства Тапузідзіса.

Квота «Тытунь-Інвест» на 2011 год складае 7,6 мільярда цыгарэт, гэта каля 28% ад агульнай колькасці цыгарэт, якія выпускаюцца ў краіне. Кампанія па ліцэнзіі робіць папулярныя сярод беларусаў маркі Winston, Camel, Monte Carlo ды іншыя. А вось імпарт ажыццяўляецца ў цеснай сувязі з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, а дакладней з адным з яго падраздзяленняў — гандлёвым домам «Усходні».

Кароль гіпермаркетаў

Другі профіль Тапузідзіса сугучны спецыялізацыі мільянера Юрыя Чыжа. Яны абодва зрабілі стаўку на гіпермаркеты, у першага «Карона», у другога — «Прастор».

Гандлёвыя цэнтры «Карона» працягваюць сваё шэсце па краіне.

Першы з іх быў адкрыты ў Мінску ў 2006 годзе, праз тры гады чарговы з’явіўся ў Брэсце. Летась гіпермаркет з’явіўся ў першым райцэнтры — у Бабруйску. У стадыі будаўніцтва знаходзіцца і чацвёртая «Карона», якая змесціцца ў Віцебску, а ў найбліжэйшай перспектыве — «Карона-Уручча» ў сталічным мікрараёне Вялікі Лес.

У камплекце з вялікімі крамамі прадуктаў ідуць велізарныя «Карона-тэхна». Як вынікае з назвы, там гандлююць тэхнікай.

Бізнэс Тапузідзіса не варта блытаць з аднайменным гандлёвым цэнтрам у Гродне, які належыць Лазару Нісаеву.

Прыляціць Тапузідзіс на сваім верталёце…

На сайце «Кароны» можна заўважыць рэдкую для Беларусі аб’яву — продаж і арэнда верталётаў. Лагічная сувязь паміж гэтым захапленнем Тапузідзіса і яго першым цацачным бізнэсам навідавоку.

Вось ужо трэці год у Ратамцы, што каля Мінскага мора, «Тытунь-Інвест» будуе першы ў краіне верталётны клуб. І нягледзячы на крызіс, аддзелачныя працы вось-вось скончацца. Элітныя рэстаран, гатэль, а таксама шыкоўны «гасцявы домік» за 200 метраў ад іх на самым беразе вадасховішча, у якім будзе жыць уласна гаспадар.

Глухі плот сведчыць пра тое, што Тапузідзіс не чакае выпадковых наведнікаў. Побач пабудаваны і ангар для асабістага верталёта мільянера.

Магчымасць не толькі палётаць, але і паліхачыць на маторных лодках прыцягне залатую моладзь Мінска.

Усе ўмовы ёсць і для спакойнага арыстакратычнага адпачынку. Ратамка — цэнтр коннага спорту Беларусі. Клуб яшчэ дабудоўваецца, а палётаць на чатырохмясцовым верталёце прапануецца ўжо цяпер. Для цікаўных удакладнім каштарыс. Гадзіна палёту каштуе 1 245 000 рублёў незалежна ад колькасці пасажыраў на борце (ад аднаго да трох), прычым вылятаць можна проста з тэрыторыі аэрадрома «Мінск-1».

Замак ля рэзідэнцыі

У жніўні мінулага года быў гучна анансаваны праект забаўляльнага комплекса на Нарачы, які мусіў рэалізаваць «Тытунь-Інвест».

Кіраўнік дзяржавы ўласнаручна выдзеліў пляцоўку пад аэраклуб, цэнтр водных забаў і цэнтр дайвінгу.

І тут ізноў узнікаюць паралелі з Юрыем Чыжом, якога прымушалі забудоўваць Белавежскую пушчу.

Праўда, ці дойдзе да будаўніцтва на Нарачы — адкрытае пытанне. Праект доўга праходзіў узгадненне, але ўсё адно выклікае пратэсты эколагаў і грамадскасці.

Другі запланаваны Тапузідзісам аб’ект — найвялікшы ў Беларусі гандлёва-забаўляльны цэнтр «Замак». Раней яго меркавалі назваць «Лідо». Гэта будзе «сучасны чатырохпавярховы будынак з этнічнымі элементамі беларускіх замкаў», як абяцаюць архітэктары.

Яго маюць пабудаваць на праспекце Пераможцаў у Мінску каля завода «Атлант».

Апроч прадуктовай «Кароны» тут будуць крытая коўзанка, кінатэатр-мультыплекс на тры залы, казіно і стрыптыз-клуб. І ўсё гэта — пад носам у Аляксандра Лукашэнкі.

Яго новая рэзідэнцыя будуецца за некалькі соцень метраў ад «Замка» Тапузідзіса.

Сацыяльная нагрузка

Як і многія іншыя беларускія паспяховыя кампаніі, «Тытунь-Інвест» атрымаў ад дзяржавы стратны калгас у Любанскім раёне. Але гаворка перадусім не пра яго, а пра асабістую нагрузку Тапузідзіса. Вы будзеце смяяцца, але «сціплы» мільянер не адмаўляецца і ад выканання важных палітычных задач.

У часе прэзідэнцкай кампаніі-2010 на адным з сотняў мінскіх выбарчых участкаў старшыней камісіі быў абраны… Павел Георгіевіч Тапузідзіс — «ад працоўнага калектыва бухгалтэрыі ААТ «Тытунь-Інвест».

Брат-2

Як паказвае практыка, у дзяржавы ёсць істотныя аргументы, каб не даваць расслабляцца мільянерам і трымаць іх у тонусе. У выпадку кіраўніка «Тытунь-Інвеста» найбольш гучныя гісторыі звязаныя не з самім ім, а з ягоным братам Віталём Тапузідзісам. Як сцвярджае «Ежедневнік», той не мае адносінаў да бізнэсу брата, але не раз спрабаваў прыкрывацца ягоным імем. Напрыклад, у 2006 годзе праваахоўныя органы падазравалі Віталя Тапузідзіса ў кантрабанднай пастаўцы цыгарэт у Беларусь. А ў студзені 2011 года Тапузідзіс-брат быў затрыманы па падазрэнні ў падбухторванні да дачы хабару чыноўнікам. Уладальнік мінскага рэстарана Casa Agustin Lopez, які наймаў памяшканне ў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, перадаваў $5 тысяч за «спрыяльнае рашэнне пытання арэнды». Следства падазравала Віталя Тапузідзіса ў тым, што ён абяцаў вырашыць усе праблемы праз свае сувязі, просячы за паслугі $10 тысяч. МУС Беларусі не дае ніякіх каментароў па гэтай справе, таму

дагэтуль невядома, ці выйшаў на свабоду брат мільянера.



Поделиться ссылкой: