Ліст да прэзідэнта Беларусі падпісалі старшыня Саюза нямецкіх пісьменнікаў Імрэ Торак ( Imre Török), старшыня Акадэміі мастацтваў Клаўс Штаек (Klaus Staeck), старшыня нямецкага ПЭН-клуба Ёгана Штрасер (Johano Strasser), лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Эльфрыда Елінэк (Elfriede Jelinek) і Герта Мюлер (Herta Müller), а таксама іншыя пісьменнікі і дзеячы нямецкай культуры — усяго больш за 40 выбітных прадстаўнікоў літаратурнага і мастацкага асяродку Германіі. Спіс тых, хто падтрымаў ініцыятыву, працягвае папаўняцца, паведамілі “Народнай Волі” у прэсавай службі СБП

 “Мы, інтэлектуалы і дзеячы культуры, асабліва ў Германіі, востра адчуваем адказнасць за дэмакратычныя свабоды”, — лічыць Імрэ Торак. Паводле яго слоў, пераслед апазіцыянераў, забарона нелаяльных уладам СМІ, прыгнёт крытычна настроеных культурных дзеячаў недапушчальныя і вымагаюць асуджэння з боку ўсіх дэмакратычных сілаў.

Асабліва востра нямецкія пісьменнікі выступаюць супраць  дзеяння так званых “чорных спісаў”  пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва, чые творы неабгрунтавана прызналі “шкоднымі для моладзі”, а таксама  выцеснілі з газет і часопісаў, з перадачаў на радыё і тэлебачанні, са сцэнаў канцэртных залаў і тэатраў. “Такая форма цэнзуры супярэчыць разуменню свабоды і разнастайнасці культуры і мастацтва”, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Саюзам нямецкіх пісьменнікаў.

“Мы хочам асаблівым  чынам выказаць сваю салідарнасць з  нашымі прыгнечанымі беларускімі калегамі, — тлумачыць Імрэ Торак. — А таму вырашылі аддаць гэты адкрыты ліст амбасадару Рэспублікі Беларусь у Берліне”. 



Поделиться: