У звароце праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыка аб пазбаўленні адвакацкіх ліцэнзій Ганны Бахцінай, Дар’і Ліпкінай, Зарыны Агеевай, а таксама аб пачатку крымінальнай справы адносна Таццяны Агеевай.

Праваабаронцы выказваюць занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася, а менавіта няспынным ціскам на адвакацкую супольнасць Беларусі, а таксама фактамі запалохвання і пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій, што ставіць пад пагрозу незалежнасць адвакацкай супольнасці Беларусі.

“Просім Вас адрэагаваць на гэтае паведамленне ў самыя кароткія тэрміны і распачаць усе магчымыя дзеянні ў рамках вашага мандата”, – гаворыцца ў звароце.

Ганна Бахціна, адвакат жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, а таксама Дар’я Ліпкіна, адвакат актывіста Мікіты Ліхавіда, не прайшлі пазачарговую атэстацыю, якая праводзіцца Міністэрствам юстыцыі. Пазбаўлена ліцэнзіі Зарына Агеева.

Раней БХК праінфармаваў спецдакладчыка пра “неапраўданае ўмяшанне ў прафесійную дзейнасць сябра прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў і адваката экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Алега Агеева, аб спыненні ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці Уладзіміру Тоўсціку, Тамары Гараевай, Алегу Агееву і Таццяне Агеевай, аб выключэнні са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў адваката Паўла Сапелкі.

Поделиться: