Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Аляксандр Беластоцкі. Рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі БЧ і Мінгарвыканкама, цяпер падлічвае эканоміку кожнага з праектаў, вызначае мэтазгоднасць іх выканання. «Па якім з гэтых маршрутаў пусцяць новыя электрычкі, будзе вызначана зыходзячы з падлікаў перспектыўных пасажырапатокаў, — растлумачыў спецыяліст. — Лічу, што ў наступным годзе мы пачнём гэту работу (па стварэнні інфраструктуры для запуску электрычак па новым маршруце.)».

Пакуль гарадскія электрычкі перавозяць пасажыраў па маршруцеМінск-Ждановічы-Заслаўеў тэставым рэжыме. За месяц, з моманту запуску праекта, новым транспартам перавезена ўжо каля 42 тыс. чалавек. Чакаецца, што гэтыя лічбы значна ўзрастуць пасля таго, як гарадскія электрычкі пачнуць курсіраваць паміж Мінскам і Заслаўем на пастаяннай аснове. Гэта стане магчыма пасля стварэння неабходнай для новых паяздоў інфраструктуры. «На ўчасткуМінск-Ждановічы-Заслаўезавяршаюцца работы па ўладкаванню пасажырскай інфраструктуры — стварэнню пасадачных платформ, навесаў, касавых павільёнаў, будаўніцтву пешаходных тунэляў, — паведаміў Аляксандр Беластоцкі. — Да 10 верасня асноўныя работы тут будуць завершаны, а ў поўным аб’ёме мы іх выканаем, як і было даручана кіраўніком дзяржавы, да канца 2011 года».

Калі неабходная інфраструктура будзе створана, частата курсіравання гарадскіх электрычак павялічыцца, разам з тым зменшыцца і час падарожжа пасажыраў па маршруце. Напрыклад, з Мінска да Ждановіч можна будзе дабрацца за 14 мінут. У БЧ упэўнены, што новы від чыгуначнага транспарту — гарадскія лініі — складуць дастойную канкурэнцыю гарадскому грамадскаму транспарту. «Дабрацца з цэнтра Мінска да Ждановіч за такі кароткі прамежак часу на грамадскім транспарце наўрад ці магчыма, таму мы разлічваем, што пасля паўнацэннага запуску праекта попыт на гарадскія электрычкі будзе значна большым», — адзначыў прадстаўнік БЧ.

На думку Аляксандра Беластоцкага, для павышэння эфектыўнасці новага віду транспарту неабходна інтэграваць яго з гарадскім грамадскім транспартам. «Мінгарвыканкам ужо вядзе работу па будаўніцтву падвадных пуцей да прыпыначных пунктаў гарадскіх ліній, падводзяцца новыя маршруты або перакладаюцца дзеючыя маршруты аўтобусаў і тралейбусаў, — сказаў ён. — Калі мы дасягнём поўнай інтэграцыі, тады эфект ад выкарыстання гарадскіх ліній будзе поўным».

Выкарыстанне новага віду транспарту дасць магчымасць стварыць больш камфортныя ўмовы для перавозкі пасажыраў, зменшыць нагрузку на навакольнае асяроддзе, разгрузіць аўтадарожную сетку.

Не выключана, што ў будучым да ажыццяўлення такіх праектаў будуць прыцягвацца і інвестары. «Пакуль будаўніцтва ўсёй інфраструктуры БЧ вядзе пры падтрымцы Мінгарвыканкама, — адзначыў Аляксандр Беластоцкі. — Аднак у будучым сродкі інвестараў могуць быць прыцягнуты ў стварэнне так званых перахватачных аўтастаянак. Перспектыўна іх будаўніцтва ў Сцяпянцы, Фаніпалі, Калядзічах. Тут аўтаўладальнікам можна будзе пакінуць свой аўтамабіль і рухацца ў сталіцу ўжо на чыгуначным транспарце».

Беларуская чыгунка ў 2010 годзе пачала ўкараненне новага фармату пасажырскіх перавозак. Ён прадугледжвае класіфікацыю ліній на міжнародныя, міжрэгіянальныя, рэгіянальныя, гарадскія і камерцыйныя. Першым этапам рэалізацыі праекта стануць «Гарадскія лініі», якія звяжуць Мінск з бліжэйшай прыгараднай зонай ігарадамі-спадарожнікамі. У сакавіку 2010 года БЧ заключыла кантракт са швейцарскай кампаніяй Stadler на пастаўку дзесяці электрапаяздоў. Кошт кожнага складае каля 6 млн. еўра.



Поделиться ссылкой: