І ўсё праз кіраўніка краіны. Менавіта ён прызначыў Генадзя Давыдзьку старшынёй Белдзяржтэлерадыёкампаніі, а Сяргея Маскевіча — міністрам адукацыі.

Між тым, у згаданым законе гаворыцца, што “дэпутат ажыццяўляе свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове і вызваляецца ад выканання вытворчых альбо службовых абавязкаў па месцы асноўнай працы”.

Гэтая навіна стала адкрыццём нават для сакратара Цэнтравыбаркама Мікалая Лазавіка Мікалай Лазавік:“Сапраўды, праца дэпутата несумяшчальная з шэрагам дзяржаўных пасад і працай на іншых участках. Пытанне актуальнае, але адказу на яго ў мяне няма”.

Як высветлілася, пытанне аб складанні Маскевічам і Давыдзькам з сябе паўнамоцтваў не ўздымалася і абранне новых дэпутатаў ад іх акругаў не абмяркоўвалася.

Праўда, Лазавік паспрабаваў было “абяліць” міністра адукацыі.

Мікалай Лазавік: “Стоп! А вось па міністрах трэба паглядзець яшчэ, што там па статусе — міністр можа быць дэпутатам ці не. Бо паводле заканадаўства дэпутат можа працаваць толькі выкладчыкам, на навукова-даследчыцкай працы, займацца творчай працай… Што там у нас яшчэ? Ну, ёсць агаворкі, якую працу можа ён выконваць”.

Еўрарадыё: “Навукова-даследчай назваць працу міністра даволі складана…”

Мікалай Лазавік: “Ага… Ясна. Згодны”.

Як вядома, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў за сваю працу атрымліваюць заробак. Дакладную лічбу ніхто з іх не называў, але некалькі месяцаў таму ў размове з Еўрарадыё асобныя дэпутаты скардзіліся, што іх прыбытак сёння вялікім назваць складана і неафіцыйна называлі лічбу ў 3 мільёны рублёў. Міністр і кіраўнік БТ таксама працуюць не задарма. Але старшыня ЦВК упэўнены, што атрымліваць два заробкі Маскевіч і Давыдзька не могуць.

Мікалай Лазавік: “Што тычыцца заробку, то я сумняюся, каб нехта атрымліваў два заробкі. Заробкі два ўжо ніяк не могуць быць, бо і адзін, і другі з названых вамі дэпутатаў атрымліваюць адзін заробак — па асноўным месцы працы. За тую пасаду, якую яны займаюць, як кіраўнікі адпаведных устаноў”.

Атрымліваецца, што асноўным месцам працы Давыдзькі трэба лічыць БТ, а Маскевіча — Міністэрства адукацыі. А як жа абавязкі дэпутата? У іх, як вядома, уваходзіць не толькі галасаванне падчас сесій, але яшчэ і сустрэчы з выбаршчыкамі. Тым больш, што Давыдзька да ўсяго — намеснік старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. А Маскевіч — сябра Камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД.

Генадзя Давыдзьку дэпутатам абралі выбаршчыкі Свіслацкай акругі № 94 (г. Мінск). Але ніякай інфармацыі наконт таго, якім чынам і праз каго выбаршчыкі гэтай акругі могуць сустрэцца са сваім абранцам, на яго старонцы ў інтэрнэце няма. А супрацоўніца камісіі, дзе ён з’яўляецца намеснікам старшыні, і ўвогуле параіла не шукаць яго ў Палаце прадстаўнікоў.

Супрацоўніца камісіі: “Ён, калі вы ў курсе, працуе кіраўніком Першага канала. Яго асноўнае месца працы там, і ён практычна ўвесь час там. І там вам яго прасцей знайсці — тут ён радзей з’яўляецца”.

Ці атрымлівае Давыдзька заробак дэпутата, у камісіі адказаць не здолелі. І нават не змаглі падказаць тэлефон парламенцкай бухгалтэрыі. Маўляў, яны зараз пераведзеныя на банкаўскія карткі і ніякіх спраў наўпрост з бухгалтэрыяй не маюць. Недасяжная была і дэпутацкая прэс-служба.

Праз нейкі час пасля публікацыі гэтага матэрыяла ў Еўрарадыё ўсё ж атрымалася пагутарыць з Генадзем Давыдзькам. Па яго словах, сумяшчаць пасады яму дазваляе асабістае даручэнне кіраўніка краіны. Што ж датычыцца заробка Генадзь Браніслававіч атрымлівае яго толькі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Цяперашняга міністра адукацыі дэпутатам абіралі выбаршчыкі Гродзенскай цэнтральнай выбарчай акругі №50. У якасці кантактнага тэлефона памочніцы дэпутата Маскевіча Алены Васілевіч пазначаны тэлефон Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Але спадарыня Васілевіч, сказалі Еўрарадыё ва ўніверсітэца, зараз у адпачынку. Што ж тычыцца таго, як часта міністр сустракаецца з выбаршчыкамі сваёй акругі, там адказаць не змаглі.

Супрацоўніца інстытута: “Я не магу вам гэтага сказаць. Мы з Сяргеем Аляксандравічам… Ён міністр, быў рэктарам (гэтага ж універсітэта — Еўрарадыё) і ўсё. Гэта ўсё ў яе, толькі ў яе”.

Ці атрымлівае міністр заробак у Палаце прадстаўнікоў і ці не збіраецца ён здаваць дэпутацкі мандат, не здолеў адказаць і памочнік Маскевіча. Але не выключана, што, як і Генадзь Давыдзька, кіраўнік Міністэрства адукацыі пазбаўлены дэпутацкага заробку.

Памочнік міністра: “Гэта па-за межамі маёй кампетэнцыі і што вам адказаць, не ведаю”.

Праўда, паабяцаў у яго ўдакладніць, але так, нібыта, цягам дня і не здолеў гэтага зрабіць.

Дарэчы, наступныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць, паводле слоў Мікалая Лазавіка, не раней за верасень 2012 года.

Поделиться: