Бюро Дэпутата Еўрапарламенту Марэка Мігальскага афіцыйна звярнулася да сябраў праваабарончага цэнтру з просьбай даслаць запрашэнне сп. Мігальскаму, які запланаваў свой візіт у Беларусь з 12 па 16 жніўня.

Сёння сябра “Вясны” Зміцер Салаўёў звярнуўся з адпаведнай заявай у Аддзел па грамадзянству і міграцыі Кастрычніцкага РУУС г. Мінска. Заяву ў праваабаронцы прымаў начальнік АгіМ Дзяніс Сяргеевіч Матус.

Па словах Салаўёва, праз пяць хвілін пасля таго, як ён выйшаў з будынку па вуліцы Свярдлова, 24 а, яму патэлефанаваў начальнік АгіМ і паведаміў, што “ваш сябра неўязны”. На просьбу праваабаронцы ён абяцаў даслаць пісьмовы адказ.

Як еўрапарламентар і сябра-намеснік Дэлегацыі па дачыненнях Беларусь – Еўразвяз Марэк Мігальскі пасля падзеяў 19 снежня 2010 года асабліва пільна сочыць за сітуацыяй у Беларусі. Бюро Марэка Мігальскага рэалізуе розныя ініцыятывы ў падтрымку рэпрэсаваных і грамадзянскай супольнасці краіны. Апошняя кампанія, да якой далучыўся еўрадэпутат – шефства над палітвязнямі, ініцыяванае праваабарончай арганізацыяй Libereco – Partnership for Human Rights. Сп. Мігальскі заявіў пра падтрымку Змітра Бандарэнкі і сям’і палітвязня.

Раней стала вядома, што ўезд у краіну забаронены старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэку і дэпутату Яцэку Пратасевічу.

У сакавіку 2011 года з’явілася інфармацыя пра тое, што беларускія чыноўнікі ў адказ Еўразвязу і ЗША склалі свой “чорны спіс”.  У гэтым спісе значыцца больш за 150 прозвішчаў еўрапейскіх чыноўнікаў, журналістаў і палітыкаў, «якія праславіліся найбольш адыёзнымі ініцыятывамі ў дачыненні Беларусі», паведамляла тады агенцтва “Інтэрфакс-Захад” са спасылкай на крыніцу з беларускіх урадавых колаў. Толькі у адрозненне ад спісу неўязных у Еўразвяз, які стаў рэакцыяй на недэмакратычныя прэзідэнцкія выбары і хвалю рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці, беларускі “чорны спіс” з’яўляецца сакрэтным. 

Поделиться: