Нагадаем, канфлікт паміж падатковай інспекцыяй і БХК, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыяй, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспекцыя прад’явіла прэтэнзіі да БХК за нявыплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС.
Летам 2004 года гаспадарчы суд Мінска зняў з БХК абвінавачанні па ўхіленні ад выплаты падаткаў па сродках, задзейнічаных у межах праграмы ТАСІС, аднак гэтае рашэнне апратэставаў намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Смірноў. У снежні 2004 года прэзідыум Вярхоўнага суда задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі ў суме, эквівалентнай прыкладна 75 тыс. долараў. 1 лістапада 2006 года гаспадарчы суд Мінска пастанавіў канфіскаваць частку маёмасці БХК на 255 тыс. рублёў у лік выплаты 160 млн. рублёў штрафу і падатковых запазычанасцяў.

Першае ў гэтым годзе папярэджанне было вынесена БХК 12 студзеня. Мінюст звярнуў увагу на дзейнасць аб’яднання пасля таго, як праваабаронцы накіравалі паведамленне пра націск на адвакатаў — абаронцаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня, а таксама пра іншыя факты пераследу і запалохвання адвакатаў у Беларусі. Паведамленне было накіравана спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль. На думку Мінюста, «мела месца распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь».
Якога рашэння суда чакаюць праваабаронцы? З гэтым пытаннем “Народная Воля” звярнулася да старшыні БХК Алега Гулака.
— Сама наяўнасць гэтай пазыкі, якую нам інкрымінуюць —  праблемная. Але мы перакананы, што гэтую праблему вырашаць можна і патрэбна. Што да папярэджання, то нас непакоіць тое, што на агульным фоне рэпрэсій, якія зараз адбываецца ў Беларусі, яны могуць закрануць і нашую арганізацыю.. А суд… На вялікі жаль, улічваючы функцыянаванне прававой сістэмы ў Беларусі, вялікіх спадзяванняў на станоўчы для нас вынік судовага рашэння не шмат. Адзначу, што рашэнне, якім бы яно не было, — канчатковае, абскардзіць яго нельга. Яно ўступае ў сілу з моманта агалошання.

Поделиться: