Сярод іх зборнік лірыкі Віктара Слінкі “Арахна”, кніга вершаў і перакладаў Аксаны Данільчык “Сон, які немагчыма забараніць” і зборнік паэзіі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава “Эстэтыка маўчання”. 

Віктар Слінка нарадзіўся 4 чэрвеня 1972 года ў вёсцы Козікі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вершы піша з пятнаццаці гадоў. Аўтар шматлікіх публікацый у беларускіх газетах і часопісах. Выдаў дзве кнігі паэзіі: “Апошні снег” (1995), “Штольні вясны” (2001). Лаўрэат літаратурнай прэміі Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес” за кнігу “Штольні вясны”, прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” за лепшую паэтычную публікацыю 2005 года.

Новая кніга Аксаны Данільчык – гэта актуальная еўрапейская паэзія з глыбока асабістымі, але зразумелымі і блізкімі кожнаму, хто спрабуе адказаць на вечныя пытанні, вобразамі, думкамі і ідэямі, якія складаюцца ў ланцужок рэфлексій, знакавы для арыгінальнай эстэтыкі паэткі. Змешчаныя ў кнізе пераклады з італьянскай мовы сведчаць пра шматграннасць творчага жыцця аўтара.

Аксана Данільчык нарадзілася ў 1970 г. у Мінску. Закончыла філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук (беларуская, італьянская літаратура). Аўтар паэтычных зборнікаў “Абрыс Скарпіёна” (1996), “IL MEZZOGIORNO” (2006), кнігі вершаў для дзяцей “Павуцінка на агрэсце” (2005). Перакладае з італьянскай мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Паэтычны зборнік  “Эстэтыка маўчання” беларускага  паэта Алеся Дуброўскага-Сарочанкава – кніга-пераможца конкурсу на найлепшы рукапіс другой кнігі, абвешчанага сёлета Саюзам беларускіх пісьменнікаў. 

Першы зборнік  паэзіі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава  –  “Паміж небам і багнаю” –  выйшаў у 1997 годзе ў “Бібліятэчцы часопіса “Маладосць””. Новая кніга адрозніваецца шырынёй дыяпазону інтанацый: ад іроніі (раздзел “Пародыі без арыгіналаў”) да філасофска-багаслоўскай сур’ёзнасці (лірычная паэма “Новае неба”). Пры гэтым праз усю кнігу праходзіць адзін матыў –  Слова і маўчанне…

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў (Алесь Уладзіміравіч Дуброўскі) нарадзіўся 18 лістапада 1976 г. Скончыў філалалігчны факультэт БДУ, магістратуру і аспірантуру па кафедры тэорыі літаратуры, а таксама Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Друкуецца з 1992 года.