Але чаму адчуваннем віны мучаюся я — і не мучаюцца следчыя, пракуроры, суддзі? Міністры, старшыні ўсялякіх камітэтаў, вялікіх і малых саветаў? Кіраўнікі прэзідэнцкай Адміністрацыі? Улада, якая накінулася на мірных грамадзян, як на ўзброеных ворагаў? Ці нехта ў гэтай уладзе мучаецца, але моўчкі? Сам у сабе, у анучку? Тады што толку?.. Ці яна, гэтая дзіўная ўлада, хірургічна пазбаўленая пачуцця віны, сораму і ўсіх астатніх пачуццяў, апрача вернападданых? Але нават у гэтым выпадку ў ёй, калі яна ўлада, павінна быць пачуццё адказнасці за будучыню краіны. А значыць, разуменне таго, што склалася сітуацыя, у якой лёс палітвязняў — гэта лёс народа.

Па звестках з турмаў і калоній, палітвязняў змушаюць пісаць просьбы аб памілаванні. Толькі ніхто з іх не хоча прасіць міласці, усе патрабуюць справядлівасці. Улада ж сілай напірае, каб папрасіліся. Значыць, разуменне неабходнасці вырашэння праблемы ёсць. Але якое? Не праз безумоўнае і неадкладнае вызваленне, як таго патрабуе сусветная дэмакратычная супольнасць, а праз катаванні, здзекі, прыніжэнне чалавечай годнасці. Усё больш звестак пра здзекі над Андрэем Саннікавым, Міколам Статкевічам, Зміцерам Усам, Мікітам Ліхавідам, Зміцерам Дашкевічам, Эдуардам Лобавым, Зміцерам Новікам, іншымі палітвязнямі. А над Зміцерам Бандарэнкам, над якім чынілі патайныя здзекі ў вязніцы і якому неабходна тэрміновая медыцынская дапамога, цынічна ўчынілі яшчэ і публічны здзек, прывёзшы яго ў шпіталь — і тут жа забраўшы зноў у турму. З небяспечнай для жыцця хваробай знаходзіцца ў вязніцы Зміцер Буланаў. Ні за што адняўшы волю, у вязняў яшчэ могуць адняць і здароўе, жыццё. Калі такое станецца, вінаватым у гэтым не будзе даравання. Не даруе ім ніхто і ніколі.

Я па-чалавечы звяртаюся да начальнікаў, супрацоўнікаў турмаў і калоній: не паддавайцеся ціску ўлад, не здзекуйцеся з людзей, не ідзіце на злачынствы! Калі настане час суда, усе, хто вамі камандуе, хто стаіць над вамі, вымыюць рукі — і адказваць давядзецца вам. А час гэты, час суда над тымі, хто забыўся на сумленне і сорам, дайце мне веры, не за гарамі.

Без неадкладнага вызвалення палітвязняў немагчыма вырашэнне ніякіх неадкладных праблем — найперш эканамічных. Я хачу, каб усе зразумелі: каўбаса робіцца з палітыкі. Любая і ўсялякая. Крамная і пханая пальцам. Толькі ў адрозненне ад пханай пальцам каўбасы, якая самая лепшая, пханая пальцам палітыка — самая кепская. А яна якраз у нас пхаецца і пхаецца. Адным і тым жа пальцам у адну і тую ж кішку.

Дэвальвацыя, інфляцыя, падзенне зарплат і пенсій, рост цэн — гэта ўсё кепская палітыка. Усё гэта існуе не асобна ад палітзняволеных, а ў звязку з імі, у адным ланцугу. Ходзіць у адных кайданках. Чым даўжэй будуць знаходзіцца палітзняволеныя ў турмах, тым глыбейшым будзе крызіс у краіне. Пераадоленне інерцыі палітычнага мыслення — ёсць галоўная ўмова пераадолення крызісу.

Вызваленне палітзняволеных — гэта таксама неадменная ўмова дапамогі Беларусі з боку Еўрасаюза, ЗША. Дый з боку Расіі, якая выказалася наконт гэтага зусім недвухсэнсоўна. Вызваленне палітзняволеных — гэта пазбаўленне ад міжнароднай ізаляцыі, ад нішчымнага, якое ўжо дыхае ў патыліцу, жабрацтва. У рэшце рэшт — ад нацыянальнай ганьбы, калі раптам акажацца, што за кепскую палітыку, ці проста за бяздзеянне напярэдадні катастрофы давядзецца плаціць не толькі дабром, што нажытае на беларускай зямлі, але і самой беларускай зямлёй. Незалежнасцю. Свабодай, якую сёння павінны займець палітвязні, каб заўтра яе не згубілі ўсе.

Поделиться: