Партыя БНФ атрымала з Гаспадарчага суда сталіцы літст, у якім, у прыватнасці, гаворыцца, што кіраўніцтва партыі павінна прадаставіць бесперашкодны доступ у памяшканне супрацоўнікаў ЖРЭА. “Адсутнасць кіраўніцтва не з’яўляецца перашкодай для выканання судовага рашэння”, — напісана ў ім. Нагадаем, што яшчэ 10 мая Гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ са сталічнага офіса, які партыйцы арандавалі з 1992 года.

Начальніку РУУС Савецкага раёна даручана накіраваць супрацоўнікаў міліцыі для забеспячэння парадку падчас высялення.

Як стала вядома “Народнай Волі”, супрацьстаяння паміж партыйным кіраўніцтвам і тымі, хто прыйдзе высяляць партыйцаў з офіса, не будзе. Па адной простай прычыне — сёння ў 10.00 памяшканне на Машэрава, 8 будзе абсалютна пустым. “Мы ўжо сабралі апошнія рэчы, нам застаецца зняць сцяг над уваходам у памяшканне, забіць уваход фанерай і з’ехаць, каб сюды больш не вяртацца”, — сказаў учора карэспандэнту “Народнай Волі” старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Высветлілася, што партыйнае кіраўніцтва парупілася пра новае памяшканне для мінскага офіса: “Мы заключылі новую дамову арэнды памяшкання ў офісным будынку на Крапоткіна, 93а. Тут жа будзе зарэгістраваны новы юрыдычны адрас партыі. Дамова заключана на год з умовай аб тым, што ў выпадку выканання ўсіх палажэнняў дамовы, арэнда будзе падоўжана аўтаматычна. Новы офіс партыі распачне працу ўжо на гэтым тыдні”.

Поделиться: