Пра гэта расказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі адзначыў, што доўгі час працаваў разам з кардыналам Свёнткам і яму выпаў гонар кансэкраваць яго на біскупа. «Гэта была знакавая фігура для Каталіцкага Касцёла нашых часоў. Ён быў першым прызначаным Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам, яму давялося адраджаць Касцёл у Беларусі, адраджаць яго структуры: ён адрадзіў Духоўную семінарыю у Пінску, заснаваў Катэхетычны каледж у Баранавічах, здзейсніў шмат іншых спраў», — расказаў Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў аб тым, што кардынала Свёнтка вельмі цаніў папа Ян Павел ІІ: «Я памятаю як гарэлі вочы Пантыфіка, калі ён размаўляў з кардыналам Свёнткам», — узгадаў арцыбіскуп. Арцыбіскуп распавёў, што падчас яго апошняй сустрэчы з папам Бэнэдыктам XVI, Святы Айцец найперш спытаўся аб здароўі кардынала. «Сёння мы ўдзячныя Богу, што мелі такога чалавека і просім аб Божай Міласэрнасці, просім, каб Бог прыняў свайго вернага слугу ў Валадарства Нябеснае», — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Гаворачы аб пахавальных мерапрыемствах іерарх адзначыў, што ў суботу 23 ліпеня труна з целам кардынала будзе перавезена ў Мінск. У 13.00 у Мінскай архікатэдры будзе развітальная святая Імша, у якой прымуць удзел шматлікія святары і біскупы. Цела памерлага іерарха застанецца у катэдры да вечара. Пасля 18.30 яно будзе перавезена ў Пінск, у будынак духоўнай семінарыі, а ў другой палове дня 24 ліпеня будзе перанесена ў Пінскую катэдру. Там 25 ліпеня ў 12.00 і пачнуцца пахавальныя ўрачыстасці.

Кардынала Свёнтка пахаваюць у крыпце пад галоўным алтаром. Дарэчы, менавіта ў пінскай катэдры пахаваны першы пінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі, труну якога ад бальшавіцкай улады доўгі час заховаў Казімір Свёнтак, ён жа адыграў адную з галоўных роляў ушанавання культу біскупа.