У расійскіх СМІ апошнім часам пачала з’яўляцца інфармацыя аб тым, што на тамтэйшых рынках выяўляюцца факты, калі беларускія ягады і грыбы аказваюцца радыеактыўнымі. Мы ж вырашылі праверыць: а што робіцца ў нас? Ці не “свецяцца” родныя ягады і грыбочкі? І ў якасці праверкі выбралі Камароўскі рынак.

Гандляры прапаноўваюць свой тавар наперабой: грыбы, чарніцы, дурніцы, маліну, суніцы…

— Бярыце, дзеткі, вітаміны, — прапаноўвае жанчына. — Добрыя ягадкі, з пасёлка Лясны, што пад Баранавічамі.

— А не з Чарнобыльскай зоны? — правакуем яе на размову.

Жанчына аж заходзіцца ад абурэння: “З якой зоны? Вось пашпарт, што ягады прайшлі кантроль на гэтым рынку. Усё ў норме. А як бы мы тут гандлявалі без кантролю?”

Купляем у нашай суразмоўцы дурніцы і лясную маліну, шыбуем далей. Вырашылі праверыць усё ж Мінскую вобласць — набываем стаўбцоўскія грыбы, пасля бяром і грыбы з Бярэзінскага запаведніка. Прадавец апошніх вельмі ўжо апускаў вочы, калі мы пыталіся пра радыяцыю, але запэўніваў, што “ўсё чыста”.

Зрэшты, знайшлі і такіх гандляроў, якія наогул не маюць на свой прадукт пашпарта аб тым, што яны прайшлі на рынку кантроль.

— Гэта, калі буйная партыя тавару, то тады патрэбны пашпарт, — тлумачыць бабуля. — А што мне, старой, праходзіць кантроль, калі ў мяне тых ягад усяго кошычак?

Такое ж тлумачэнне атрымліваем і ад іншых “людзей без пашпарта”.

— Вы не там шукаеце радыеактыўныя грыбы і ягады, — па сакрэце прасвятляе адзін з гандляроў. — Скажыце, хто будзе рызыкаваць таварам, калі ў яго ёсць сумненне, што ягады і грыбы “засвечаныя”? Бо тавар жа правераць і затым знішчаць. Калі ўжо некаму трэба збыць такі небяспечны прадукт, то гэта робяць на трасах. Машыны спыняюцца, у людзей купляюць… Хто там будзе правяраць? Везці ў Мінск буйную партыю ягад і грыбоў з радыеактыўнай зоны не мае сэнсу — лепш ужо і на самай справе на Расію загнаць. А лепш за ўсё — прадаць прадпрымальнікам, якія ездзяць па вёсках і скупляюць грыбы і ягады ў два разы танней, чым яны на гэтым рынку прадаюцца.

Мы купляем на праверку каля дзесяці “пробнікаў” з самых розных рэгіёнаў Беларусі (ахапілі ўсе вобласці): лісічкі (а з грыбоў прадаюцца пакуль што толькі такія), дурніцы, маліну, чарніцы, суніцы… І аддаём на праверку ўсё гэтае дабро ў лабараторыю ветэрынарна-санітарнай службы рынку, якая месціцца ў будынку. Зразумела, што “карты не раскрываем”. Маўляў, на праверку хочам аддаць свае ўласныя грыбы і ягады, а не тыя, што купілі на рынку. Ці мала што… Дарэчы, каб праверыць куплены на рынку тавар, грошы плаціць не трэба. А вось за праверку свайго — шэсць з паловай тысяч рублёў.

На праверку адной пробы — 5—10 хвілін. Цярпліва чакаем. Праз нейкі час выходзіць радасная лабарантка. І, хутчэй на шчасце, чым наадварот, сенсацыі не атрымоўваецца.

— Можаце есці спакойна, — паведамляе лабарантка. — Пры норме грыбоў у 370 бекерэляў на кілаграм у вас усяго 45—50. У ягадах — 20—25 пры норме ў 185.

Праўда, пасля таго як разгаварыліся з лабаранткай за жыццё, наш аптымізм крыху паменшыўся:

— Увогуле, можна канстатаваць, што на рынку прадаюцца чыстыя ягады і грыбы, — расказала яна. — Але было б ня-

праўдай казаць, што не трапляюцца і “брудныя”. Вось, напрыклад, днямі праверылі чарніцы з Драгічынскага раёна, дык радыеактыўны фон пераўзыходзіў стандарт амаль у тры разы! Натуральна, што ўсё было канфіскавана і знішчана. Павышаны фон можа быць і ў тых ягадах і грыбах, якія збіраліся адразу пасля дажджу, незалежна ад таго, з якога раёна Беларусі тавар. Акрамя таго, некаторыя гандляры могуць хітрыць. Аддаць на праверку, напрыклад, адны грыбы, а прадаваць іншыя. Робяцца, натуральна, нейкія кропкавыя праверкі, але ж ніхто не дасць стопрацэнтнай гарантыі, што “брудны” тавар недзе не прасочыцца на прылавак. Таму я б раіла ўсё ж такі людзям пасля пакупкі прыйсці ў лабараторыю і праверыць у нас тое, што купілі. Зрэшты, такія лабараторыі, здаецца, ёсць на ўсіх рынках.

Так што, людзі, беражыце сябе! Як кажуць, лепш перастрахавацца. Бо грыбы і ягады купіць можна. Здароўе не купіш…

ДАРЭЧЫ

— Больш за ўсё накопліваюць радыяцыю грыбы. Яны добра паглынаюць цэзій-137 і ўтрымліваюць яго нават больш, чым глеба, на якой выраслі. Больш нуклідаў у шляпках, чым у ножках (у 1,5—2 разы).

— Перад ежай грыбы трэба пачысціць, добра прамыць вадой, пажадана вымачыць у 2-працэнтным растворы кухоннай солі на працягу гадзіны. Адвар зліваць праз кожныя чвэрць гадзіны. Можна дабавіць у ваду сталовы воцат ці лімонную кіслату — гэта прымушае радыенукліды хутчэй пераходзіць у адвар. Так нуклідаў стане ў 10—15 разоў менш.

— Больш за ўсё накопліваюць радыяцыю клюква і чарніцы (пры аднолькавых умовах чарніцы накопліваюць цэзій-137 у 2—3 разы больш, чым маліна і суніцы). Увогуле, па інтэнсіўнасці накаплення цэзія ягады можна размясціць так: клюква і чарніцы, каліна, рабіна, суніцы, ажына, маліна, брусніцы, дурніцы. Сярод грыбоў слаба накопліваюць радыяцыю — апенкі, шампіньёны, страчкі. Сярэдне накопліваюць — сыраежкі, падбярозавікі, лісічкі, баравікі, падасінавікі. Моцна накопліваюць — грузды, рыжыкі, ваўнянкі, зялёнкі. Акумулятары — польскія грыбы, свінушкі, махавікі, маслякі.

—      Каб засцерагчыся, калі ягады сумніўныя, з іх лепш зварыць кампот. Трэба пракіпяціць ягады ў цукровым сіропе, працадзіць і закатаць у банкі, а самі ягады выкінуць.