Дзе ў ім пралягае мяжа паміж дабром і злом, маной і праўдай, нянавісцю і любоўю? Яна пралягае паміж людзьмі. Паміж тымі, хто на баку зла, маны і нянавісці, і тымі, хто на баку дабра, праўды і любові.

Храм Паўла і Святланы

Храм Паўла і Святланы

На адным баку — брытатупагаловая арда служкаў і наймітаў лукашэнкаўскага рэжыму. З пракурорамі і суддзямі, якія не ведаюць, што такое сумленне, з міністрамі ў парадных пагонах і журналістамі ў праўладных загонах, якія забыліся, што такое сорам.

На другім баку — Павел і Святлана…

Як яны, хлопец і дзяўчына, могуць супрацьстаяць ардзе? А так, як супрацьстаяць. Абняўшыся на крэўнай зямлі пад роднымі нябёсамі і ўтварыўшы абдымкамі сваімі храм кахання. І разбіваецца аб храмавыя сцены ашалелая ад нянавісці арда. Гэтая навала, навалач, што наплыла на Беларусь. Якая сыдзе, сплыве, як яе і не было.

Праміне і забудзецца ўсё чорнае, нечалавечае, злое. Згіне ўсё ганебнае, нізкае. Застанецца ў стагоддзях высокая гісторыя пра мужнасць, прыгажосць, вернасць, самаахвярнасць. Пра ўсіх, хто сёння ў вязніцах, пра іх родных і блізкіх. Пра тых, хто не прынізіўся, не ўкленчыў, не папрасіўся. Пра юных рыцараў, пра іх каханых. Прыгожых, светлых, падобных на Беларусь, за якую яны змагаюцца і ў якой будуць жыць, — шчаслівыя ў сваім каханні.

Лёс кінуў у турму,

Але і ў Воўчых норах

Насуперак яму

Усе нябёсы ў зорах!

Дажджы не залілі,

Снег не замёў каляны

Найсветлы на зямлі

Храм Паўла і Святланы.

Над ім гудуць званы,

І нас па волі Бога

З паганскай даўніны

У Храм вядзе дарога.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ.



Поделиться ссылкой: