Адпаведны ліст з кіраўніцтва партыя атрымала з Гаспадарчага суда Мінска.

У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што кіраўніцтва партыі павінна прадаставіць бесперашкодны доступ ў памяшканне супрацоўнікаў ЖРЭА. “Адсутнасць кіраўніцтва не з’яўляецца перашкодай для выканання судовага рашэння”, —  напісана ў ім.

Нагадаем, што яшчэ 10 мая Гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ са сталічнага офіса, які партыйцы арандавалі з 1992 года.

Высяленне прызначана на 10.00 26 ліпеня. Начальніку РУУС Савецкага раёна даручана накіраваць супрацоўнікаў міліцыі для забеспячэння парадку падчас высялення.

“За дзень да плануемага высялення мы плануем правесці ў памяшканні на Машэрава,8 культурна-інфармацыйную імпрэзу,дзе будзе абвешчана пра сюрпрыз, які мы рыхтуем уладам”, — сказаў “Народнай Волі”  намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Падрабязнасцяў “сюрпрызу” Кастусёў не агучыў, але адзначыў, што “ўлада нарэшце праявіла сваё аблічча, зрабіўшы грубы наступ на свабоду і нацыянальныя каштоўнасці”.

Кастусёў не выключыў, што высяленне можа адбыцца даволі брутальна: “Ці будуць нас выцягваць за рукі-ногі? Усё магчыма…”

Пры гэтым намеснік старшыні партыі адзначыў, што кіраўніцтва БНФ мае “запасныя варыянты”, нягледзячы на ваысяленне з мінскага офіса.

Поделиться: