20.03

Акцыя скончана. Аўтааматарам адкрылі праспект Незалежнасці.

20.00

Кіроўцы машын,  якія сігналілі (на перакрыжаванні вуліцы Казлова і праспекта) атрымалі нечаканую падтрымку прахожых. Людзі, якія стаялі паабапал дарогі сталі ім апладзіраваць. Пад’ехаў спецаўтобус  без нумароў і людзі паўцякалі. 

19.51

Кіроўца Дзяніс, якога затрымалі даішнікі, паведаміў карэспандэнту “Народнай Волі”, што мэта сённяшняй акцыі дасягнута — праспект быў перакрыты. А хто яго перакрыў – удзельнікі акцыі ці супрацоўнікі праваахоўчых органаў — значэння не мае.

19.46

Журналісты пачулі,  як супрацоўнікі ДАІ па рацыях атрымалі загад: затрымліваць усе аўтамабілі, на якіх ёсць хоць нейкія наклейкі ці ўлёткі. Кіроўцаў не адпускаць, а суправаджаць на адмысловыя пляцоўкі для правядзення разбіральніцтва.

19.41

На мосце каля парка Горкага затрымалі яшчэ адзін аўтамабіль з белай стужкай.  Затрымлівалі ажно чатыры даішнікі і восем супрацоўнікаў у цывільным.

19.37

Наш карэспандэнт знаходзіцца каля цырка. У гэты момант увогуле на праспекце Незалежнасці ніякага руху.

19.36

З боку цырка даішнікі не даюць кіроўцам паварочваць направа, на праспект.

19.34

На мосце каля парка Горкага затрымалі кіроўцу аўтамабіля, на антэне якога была павязана белая стужка. Да аўтамабіля падагналі эвакуатар.

Праязджаючыя міма машыны збаўляюць хуткасць.

19.30

Акцыя крыху змяніла фармат, зараз паток машын цягнецца па Машэрава на Казлова і далей, перадае «Наша Ніва».  Не менш цягнецца ў адваротны бок, па Казлова ў бок новага пр-та Машэрава (былой Варвашэні).  Усе сігналяць.

19.28

З плошчы Перамогі і плошчы Незалежнасці аўтатранспарт на праспект не прапускаюць, толькі выбарачна некаторыя аўтамабілі.

19.26

Нягледзячы на тое, што зараз амаль што час “Х”, на праспекце Незалежнасці вельмі мала аўтамабіляў.

19.16

З плошчы Перамогі ў бок Кастрычніцкай рухаецца толькі грамадскі транспарт. Уздоўж праспекта ланцугом стаяць даішнікі і людзі ў цывільным.

19.15

Затрыманы кіроўца чорнага джыпа на шкле якога была наклейка “Я супраць падвышэння цэн на паліва”.

19.12

Супрацоўнікі ДАі перакрылі дзве паласы на праспекце Незалежнасці. На вуліцы Энгельса стаяць міліцэйскія аўтобусы. Каля Макдональдса шмат супрацоўнікаў у цывільным.

* * *

Сцэнарый акцыі быў такі ж самы, як папярэдняй, якая адбылася 7 чэрвеня. Тады аўтамабілісты, абураныя павышэннем кошту бензіну на 30 %, паралізавалі рух на праспекце Незалежнасці ў сталіцы. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка загадаў часткова адкруціць цэны назад і папярэдзіў, што з міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова будуць знятыя пагоны пры паўтарэнні акцыі.

Сённяшняя акцыя ў Мінску распачнецца ў 19.20, калі ўдзельнікі выедуць на праспект Незалежнасці, каб у 19.30 сустрэцца на ўчастку паміж плошчай Перамогі і цыркам і пачаць 15-хвілінны “рамонт” свайго аўтамабіля на праезнай частцы.


Поделиться ссылкой: