Гэтую серыю, выданне якой стала магчымым пры фінанасавай дапамозе кампаніі Japan Tobacco International (JTI), мяркуецца прысвяціць знаёмству з найбольш каштоўнымі і цікавымі музейнымі калекцыямі і прадметамі.

Што ж уяўляе з сябе калекцыя, пра якую выйшаў першы альбом, расказала газета “Культура”.

Як адзначаюць спецыялісты, Брылёўскі скарб, які паступіў у музейныя фонды ў 2003 годзе, — адзін з найбольш адметных нумізматычных комплексаў Ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца з сярэбраных арабскіх манет — дзірхамаў, — фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча і набору гірак для ўзважвання срэбра. У скарбе, як у своеасаблівым фатаграфічным адбітку, адлюстроўваюцца падзеі, што адбываліся на нашых землях у канцы ІХ — пачатку ХІ стагоддзя. У прыватнасці, можна прасачыць за фарміраваннем гандлёвых шляхоў, якія злучылі між сабой першыя айчынныя і замежныя гарады. Прысутнасць у складзе скарбу арабскіх манет і франкскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя зносіны нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

Цікавай падаецца і знаходка самога скарбу. Брылёўскае поле, дзе былі знойдзены каштоўнасці, знаходзіцца каля вёскі Брылі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. У 1812 г. на гэтым месцы адбылася бітва паміж французскімі войскамі, што адступалі з Масквы, і расійскімі часткамі, якія імкнуліся перашкодзіць праціўніку пераправіцца праз раку Бярэзіну. У баях з абодвух бакоў загінула каля 30 тысяч чалавек, з прычыны чаго поле стала месцам «паломніцтва» розных ваенна-гістарычных клубаў і аматараў ваеннай гісторыі.

Як адзначаецца ў каталозе, вясной 2000 г. у пошуках дэталей вайсковага рыштунку і ўзбраення сябра ваенна-гістарычнага клуба «Мінскі пяхотны полк» і, адначасова, мастак-рэстаўратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Захараў у пойме ракі выявіў фрагменты мяча, моцна пашкоджанага кар о з і я й . Мяркуючы, што да яго ў рукі трапілі дрэнна захаваныя матэрыялы 1812 года, ён першапачаткова не надаў ім асаблівай увагі, але, калі высветлілася, што знаходка мае значна большы ўзрост, прадоўжыў раскопкі і ў выніку знайшоў сотні каштоўных артэфактаў. Асобныя прадметы ў гэтай жа мясцовасці былі пазней выяўлены Валянцінам Рабцэвічам і Алегам Іовым.

На падставе аналізу манетнай часткі Валянцін Рабцэвіч прыйшоў да высновы, што найстарэйшая манета адчаканена ў 125 г. мусульманскага летазлічэння, што адпавядае 742 ці 743 году нашай эры, а найноўшая, адпаведна, — 890 ці 891 году. Такім чынам, гэта дазваляе датаваць скарб 890 — 892 гг.

У той жа час, паводле адной з версій, знойдзеная калекцыя з’яўляецца зусім не скарбам, а страчанымі пры драматычных абставінах каштоўнасцямі. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, якая ў выніку ўзброенай сутычкі, што адбылася ў плыткім месцы (на караблі ці каля яго), паранены ваяр упаў у ваду, пры гэтым упусціўшы з рук меч і згубіўшы свае грошы. Аднак, на думку аўтараў выдання, больш праўдападобнай падаецца іншая версія. Мяркуючы па тым, што клінок мяча быў мэтанакіравана сагнуты не менш як у двух месцах, над ім ажыццяўляліся пэўныя рытуальныя дзеянні. Верагодна, перад хаваннем скарбу над зброяй быў праведзены нейкі рытуал па яе псаванні. Зыходзячы з гэтага, найбольш верагоднай з’яўляецца інтэрпрэтацыя Брылёўскага скарбу як своеасаблівага паднашэння багам з мэтай забяспечыць поспех будучых ваенных і гандлёвых мерапрыемстваў уладальніка гэтага багацця.