Больш за 60% апытаных упэўненыя, што сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў няслушным кірунку (гэта рэкордны лік ад 2003 г.).

Больш за тое, упершыню за апошнія 10 гадоў больш як палова насельніцтва (55%) мяркуе, што сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі цягам бліжэйшых гадоў пагоршыцца (толькі 12% мяркуюць, што яна палепшыцца).Узровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, які па-ранейшаму застаецца дамінантнай палітычнай фігурай, упаў з 55% у снежні 2010 г. да 33% у чэрвені 2011 г. Гэткае істотнае падзенне ўзроўню падтрымкі назіраецца ўпершыню за ўвесь час, што Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе. Доля рэспандэнтаў, якія прылічваюць сябе да апазіцыі цяперашняй уладзе, павялічылася з 19% у снежні 2010 г. да 26% у чэрвені 2011 г.

Нават падзеі 2009 г., на які прыпаў пік сусветнага эканамічнага крызісу, не выклікалі гэткай хвалі песімізму ў беларускім грамадстве, як некалькі апошніх месяцаў ці нават тыдняў. І ўсё ж BISS мяркуе, што пакуль няясна, ці дасягнулі рэйтынгі падтрымкі Лукашэнкі свайго дна або падзенне працягнецца. Занадта рана казаць, ці зможа большасць беларусаў адаптавацца да новага, паніжанага узроўню чаканняў або беларускі рэжым сутыкнуўся з першымі праявамі сапраўднага крызісу даверу ці нават лаяльнасці большасці.

Уяўляецца, што сістэма “сацыяльнага кантракта” паміж рэжымам і грамадствам у Беларусі разбурылася. Вядома, гэта не сведчыць, што сённяшні дзень азначае завяршэнне цэлай эпохі. BISS мяркуе, што ва ўлады з’явілася б магчымасць аднавіць давер грамадства, калі б яна ўшчыльную занялася вырашэннем эканамічных пытанняў, г. зн. змагла б фінансаваць эканамічную мадэль. Аднак пры адсутнасці дзейснай стратэгіі выйсця з крызісу рэжым відавочна звяртае асноўную ўвагу на пытанні бяспекі/палітыкі і шукае ворагаў, на якіх можна было б ускласці віну. Чым далей гэта будзе працягвацца, тым менш будзе людзей, якія давяраюць дзейнай уладзе.

Падрабязны аналіз

Доля рэспандэнтаў, якія адзначылі, што сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў няслушным кірунку, у чэрвені дасягнула 62% – колькасць тых, хто даў гэткі адказ, павялічылася са снежня 2010 г. на 50%. Гэта беспрэцэдэнтная змена за настолькі кароткі прамежак часу. Нават у 2009 г. гэты лік быў значна ніжэйшы (35% у сакавіку 2009 г.) Колькасць тых, хто абраў варыянт “[сітуацыя] развіваецца ў няслушным кірунку”, – 62% ад агульнага ліку ў чэрвені – сувымерная з доляй тых, хто ў траўні адказаў, што Беларусі патрабуюцца рынкавыя рэформы (67%), – яны складаюць выразную большасць тых, хто адказаў “далей гэтак жыць ужо нельга”1. Доўгі час ад 40% да 60% апытаных адказвалі, што “сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў слушным кірунку”. У чэрвені 2011 г. лік падобных рэспандэнтаў знізіўся да рэкордна нізкай адзнакі – 26% (у папярэднім месяцы іх доля была вышэйшай на 19%).

Гэткія вынікі магчыма патлумачыць шокам ад крызісу: 73% рэспандэнтаў адказалі, што фінансавы стан іх хатняй гаспадаркі апошнім часам пагоршыўся. Гэты лік перасягае паказнікі, адзначаныя ўвесну 2009 г. (64%), і ў 4,5 разы вышэйшы за колькасць рэспандэнтаў, якія абралі гэты адказ паўгода таму. Агулам толькі менш за чвэрць апытаных (23%) у чэрвені заявілі, што іх дабрабыт не змяніўся (доўгі час гэты паказнік вагаўся паміж 40% і 60%; нават у крызісны 2009 г. ён апускаўся толькі да 30%). У дадатак, да чэрвеня 2011 г. зніклі тыя, хто заяўляў, што іх матэрыяльнае становішча апошнім часам палепшылася (колькасць падобных рэспандэнтаў доўгі час заставалася ў межах 20% ад агульнага ліку).

Такім чынам, рэжым сутыкнуўся са спалучэннем рэальных фінансавых цяжкасцяў у беларускіх хатніх гаспадарках з вынікамі “псіхалагічнай пасткі” (у снежні 2010 г. 70%

насельніцтва краіны не верыла, што становішча можа кардынальна пагоршыцца). Істотна таксама ўлічваць, што звесткі за чэрвень атрыманыя цягам першых двух тыдняў месяца (несуцяшальныя навіны з’явіліся і ў другой палове чэрвеня). У параўнанні з вынікамі травеньскага апытання, у чэрвені было заўважнае пагаршэнне дабрабыту хатніх гаспадарак; рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі падаў, але колькасць рэспандэнтаў, якія вінавацілі ўрад у цяжкасцях, што перажывае краіна, не павялічылася (не перавысіла 50%). Гэтаксама нязменным застаўся лік апытаных, якія ў чэрвені (як і ў траўні) меркавалі, што праблемы вынікаюць з глабальнага эканамічнага крызісу (27%). Звяртае на сябе ўвагу, што “размеркаванне” адказнасці практычна не змянілася ад 2009 г.

У чэрвені рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі знізіўся да 33% (з 55% у снежні 2010 г.), але гэтыя 33% усё ж большыя за колькасць тых, хто адказаў, што Лукашэнка дае рады барацьбе з бюракратызмам (32%), забяспячэнню сацыяльнай справядлівасці (31%), умацаванню міжнародных пазіцый краіны (21%). І толькі 16% аддалі яму належнае за пад’ём эканомікі і рост дабрабыту. Паказнік “прызнання заслуг” сп. Лукашэнкі перавысіў ягоны асабісты рэйтынг толькі па адной пазіцыі – барацьба з карупцыяй (35%). Неадпаведнасць паміж асабістым рэйтынгам і здольнасцю Лукашэнкі вырашаць праблемы, асабліва эканамічныя, магла стацца для яго добрым сігналам – гэта можа азначаць, што давер і падтрымка насельніцтва ў чэрвені дасягнулі свайго дна (на ўзроўні траціны ад агульнага ліку насельніцтва), яны ніяк не звязаныя з ягонай здольнасцю вырашаць праблемы, з якімі сутыкнулася краіна, і, адпаведна, становішча не можа для яго скласціся яшчэ горш. Гэтую выснову або пацвердзяць, або абвергнуць вынікі апытанняў у найбліжэйшыя месяцы крызіснага перыяду.

Звесткі пра патэнцыял апазіцыі можна разглядаць калі не як паваротны пункт, дык як заўважную змену. Хоць ніхто з лідараў апазіцыі не атрымаў перавагі для сябе асабіста ў выніку чэрвеньскіх непрыемнасцяў улады, лік рэспандэнтаў, якія заявілі, што знаходзяцца ў апазіцыі да рэжыму, павялічыўся з 19% у снежні 2010 г. (сталая велічыня цягам доўгага перыяду) да 26% у чэрвені 2011 г. Істотна адзначыць, што тыя самыя 19% у снежні 2010 г. “сфармавалі” блізу 28% галасоў для пяці апазіцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта (Някляеў, Саннікаў, Рымашэўскі, Раманчук і Міхалевіч, паводле апытанняў НІСЭПД у снежні 2010 г.).

Грунтуючыся на выніках апытанняў у чэрвені, BISS адзначае, што ў грамадстве адбываецца заўважная змена стаўлення да некаторых палітычных пытанняў. BISS расцэньвае гэта як відавочны сігнал падвышанай увагі да палітычных праблем. У чэрвені менш за палову апытаных (46%) сказалі, што афіцыйныя вынікі снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў былі праўдзівыя (у параўнанні з выразнай большасцю – 63% – у снежні 2010 г.). Цяпер 42% апытаных заяўляюць, што апошнія прэзідэнцкія выбары не былі “свабоднымі і справядлівымі” (у снежні 2010 г. – 32%). У снежні 2010 г. нязначная большасць рэспандэнтаў меркавала, што выбары прайшлі свабодна і справядліва (54%), да чэрвеня 2011 г. каля 20% з іх змянілі сваю думку: цяпер каля 43% называюць мінулыя выбары “свабоднымі і справядлівымі”.

Тое ж датычыць і акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў (г. зв. “Плошча”): напрыканцы снежня 2010 г. толькі 17% апытаных ухвалялі акцыі пратэсту – у чэрвені іх лік вырас да 27%. Больш за тое, у чэрвені 40% рэспандэнтаў заявілі, што выракі актывістам і ўдзельнікам акцый былі несправядлівымі (у траўні толькі 28% апытаных асудзілі выракі ўдзельнікам “Плошчы”).

Заява пра абмежаваную адказнасць: Аналіз апытанняў грамадскай думкі – новая серыя публікацый Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), якія грунтуюцца на звестках, атрыманых ад незалежных цэнтраў вывучэння грамадскай думкі. Хоць BISS не нясе адказнасці за якасць пададзеных звестак, пры складанні аналізу ён кіруецца сваім досведам працы з гэтымі арганізацыямі і праўдзівасцю іх матэрыялаў (з улікам умоў працы ў краіне).

Поделиться: