Дакумент падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С. І. Бука.

«Закранутыя Вамі пытанні належаць да сферы правасуддзя і падлягаюць вырашэнню ў судовым парадку. Пры гэтым асобы, у дачыненні да якіх вынесеныя прысуды, маюць права абскадзіць у вышэйшыя судовыя інстанцыі законнасць і абгрунтаванасць пастанаўлення такіх прысудаў, — піша сп. Бука. — Што тычыцца разгляду гаспадарчымі судамі спраў з удзелам Міністэрства інфармацыі, то парадак адклікання зыскавых заяў і перагляду судовых пастановаў вызначаны Гаспадарчым працэсуальным кодэксам».

Нагадаем: 21 чэрвеня Праўленне ГА «БАЖ» звярнулася да кіраўніка дзяржавы, заклікаўшы яго вызваліць асуджаных пасля 19 снежня журналістаў, спыніць крымінальны пераслед А. Пачобута, даручыць Мінінфармацыі адклікаць зыскі аб закрыцці «Народнай волі» і «Нашай Нівы», а таксама абавязаць Мінінфарм адмяніць рашэнне аб спыненні «Аўтарадыё».

Такім чынам арганізацыя адрэагавала на заявы Аляксандра Лукашэнкі падчас прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня 2011 года, дзё ён нечакана згадаў Беларускую асацыяцыю журналістаў і выказаў пажаданне, каб яна звярнулася да яго асабіста з просьбай аб вызваленні палітвязняў.

Па словах намесніка старшыні ГА «БАЖ» Андрэя Бастунца, сябры Праўлення амаль не спадзяваліся на станоўчы разгляд звароту, але палічылі неабходым зрабіць усё ад іх залежнае.

«На сённяшні дзень з узнятых у звароце пытанняў адно знайшло станоўчае вырашэнне: Мінінфарм адклікаў зыскі аб прыпыненні выхаду двух вядучых незалежных газет, — кажа А.Бастунец. — Па справе А.Пачобута вынесены прысуд, які дазволіў журналісту застацца на волі, што, безумоўна, мы ацэньваем станоўча. Але ж прысуд — абвінаваўчы, і Андрэй увесь час знаходзіцца пад пагрозай рэальнага зняволення. Акрамя таго, абвінаваўчы прысуд можа пацягнуць за сабой узмацненне самацэнзуры сярод СМІ і журналістаў. Сітуацыя ж з пазбаўленнем права на вяшчанне „Аўтарадыё“ ніяк не змянілася. Не вызвалілі і асуджаных пасля падзеяў 19 снежня журналістаў і сябраў БАЖ», — дадаў юрыст.

Поделиться: