Нагадаем, Мікіта Ліхавід у чарговы раз знаходзіцца ў карцары. Ён пазбаўлены ўжо некалькіх спатканняў, да яго не даходзяць лісты і перадачы.

Старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Юрась Губарэвіч і дарадца Алесь Лагвінец спачатку мелі гутарку з намеснікам начальніка калоніі па выхаваўчай працы Андрэем Янчыленкам, які распавёў, што галоўная прэтэнзія да Мікіты Ліхавіда — не тое, што ён называецца незаконна асуджаным, а тое, што не робіць зарадку і прыборку, паведамляе сай Руху. Таксама размова вялася пра лёс і ўмовы ўтрымання яшчэ двух асуджаных, якія змешчаныя ў Наваполацкую калонію, намесніка старшыні “Маладога фронта” Алеся Кіркевіча (4 гады зняволення за падзеі 19 снежня 2010 года) і анархіста Ігара Аліневіча (8 гадоў па справе аб кіданні “кактэйля Молатава” ў амбасаду Расіі ў Мінску). Сярод іншага, кіраўніцтва калоніі заявіла, што пазітыўна ўспрымае беларускамоўнасць Кіркевіча.

Затым адбылася сустрэча Аляксандрам Мілінкевіча з начальнікам калоніі Аляксандрам Сівохам, а таксама з начальнікам медсанчасткі, бо ёсць трывога за стан здароўя Мікіты Ліхавіда. Старшыні Руху “За Свабоду” паведамілі, што Мікіту рэгулярна аглядаюць дактары, ён не хварэе і скаргаў на здароўе не мае.

Дарэчы, намеснік старшыні “Маладога Фронта” (зарэгістраваны ў Чэхіі)  Наста Палажанка атрымала на днях ліст з адміністрацыі гэтай калоніі. Яна падавала скаргу, у якой звяртала ўвагу на вельмі жорсткае пакаранне (змяшчэнне ў карцар) Мікіты Ліхаваіда за тое, што ён не выконвае некаторыя пункты правілаў унутранага распарадку. Начальнік калоніі Сівоха не прызнаў зварот Палажанкі абгрунтаваным і абверг тое, што ў адносінах да Ліхавіда ўжываюцца катаванні.

Нагадаем, 21-гадовы палітвязень адмаўляецца выконваць шэраг правілаў калоніі. За гэта ён ужо шмат разоў быў пакараны штрафным ізалятарам — агулам на 55 сутак.

Поделиться: