Падобна на тое, што рэпартаж “Жаночы бунт”, надрукаваны  ў “Народнай Волі” 15 ліпеня, ніяк не раскатурхаў чыноўнікаў Мінскай  раённай вертыкалі. Жанчыны пасёлка “МОФ”, якія ўчынілі бунт з-за таго, што гаспадарнікі прамысловай зоны ўшчэнт разбілі адзіную асфальтаваную дарогу ў іх паселішчы, так нічога і не дамагліся. Больш за тое, невядомыя пачалі пілаваць прыдарожныя акацыі — апошні “зялёны бастыён”, які аддзяляў іх ад прамзоны. “Прыедзьце, зірніце, што яны тут нарабілі, — з плачам у голасе жаліліся мясцовыя жыхаркі. — І дзе тая ўлада для народа, што дазваляе такое вытвараць?”

Якія 30 хвілін і я на знаёмым месцы. Карціна  амаль тая ж, за выключэннем таго, што велізарная лужына амаль высахла, а замест прыдарожных акацый — пні… Па той бок высознай бетоннай агароджы натужна крэкснуюць бульдозеры, сноўдаюцца рабочыя, словам, усё як і ў мінулы раз. І толькі няма акацый… Затое сцяна з бетону, якая належыць “тэра-інкогніта-будоўлі” прырасла некалькімі метрамі. З убачанага раблю выснову: гаспадары тае будоўлі яўна прысабечылі да свае тэрыторыі частку тратуара, які некалі быў на месцы цяперашняй бетоннай агароджы. На новую сцяжыну месца няма, вось і вырашылі спілаваць акацыі. Якраз акацыі і таполі аддзялялі праезную частку дарогі ад тратуара. Што будзе далей, можна толькі здагадвацца. Верагодней за ўсё сцяжыну пракладуць па спіленых (ці выкарчаваных) пнях, а можа, і наогул кінуць усё, як ёсць — хіба прывыкаць?..

Заходжу ў двор дома, які акурат насупраць вандальнай распілоўкі яшчэ ўчора жывых дрэў. Гаспадар — Аляксандр Канстанцінавіч Лаханскі — з гатоўнасцю каменціруе: “Яны прыехалі зранку, уключылі бензапілы і пачалі крамсаць нашы акацыі. Ніякіх тлумачэнняў, ніякіх папярэджанняў — адно гудзенне піл. Такое ўражанне, што ўсё рабілася патаемна, а можа, і дэманстратыўна, маўляў, вашы прэтэнзіі нам “да лямпачкі”. Маўляў, нам плацяць, а мы выконваем… Як зрабілі сваю чорную справу, то распілаваныя ствалы, голле пазакідалі на той бок агароджы. З таго і раблю вывад: прыслаў гэтых “лесарубаў” гаспадар будоўлі, кажуць, прозвішча яго Буракоўскі… Самае агіднае, што з намі, з месцічамі, ніхто словам не перакінуўся. Як быццам так і трэба, як быццам усё па законе. Але ж мы дакладна ведаем, — і тое пацвердзіў землеўпарадчык, як сустракаўся з намі, — што якраз гаспадаром гэтай будоўлі захоплена частка зямлі, той самай, па якой быў пракладзены ў свой час тратуар. Мяне здзіўляе, што мясцовая ўлада — сельсавет, райвыканкам — гуляюць у маўчанку. То што гэта за ўлада, якая нават не прыслухоўваецца да людзей?! Няўжо зноўку наладжваць бунт, перагароджваць вуліцу? Верагодна, людзі так і зробяць… А што застаецца?..

А цяпер і акацыі — пад нож... (фотарэпартаж)

А цяпер і акацыі — пад нож... (фотарэпартаж)

А цяпер і акацыі — пад нож... (фотарэпартаж)

А цяпер і акацыі — пад нож... (фотарэпартаж)

Фота аўтара