“Перш за ўсё, гэта “Перамен” Віктара Цоя, – кажа яна. – Апошні месяц вельмі шмат людзей замаўлялі яе – раней такога не было. І яшчэ песні “Ляпісаў” – “Грай” і “Belarus freedom”. Суразмоўца адзначае, што гэтыя кампазіцыі далучылі да ранейшых забаронаў гуртоў “N.R.M.”, “Крамбамбуля”, “Крама” ды інш.
“У нас у эфіры здарылася сітуацыя, калі слухач настойваў, каб уключылі “Перамен”. Вядучы папрасіў прабачэння, але адмовіў. Тады слухач спытаў: “У вас пачалася цэнзура?” Вядучы не ведаў, што яму адказаць, таму проста выключыў чалавека з эфіру”.

Апроч таго, на працоўным стале кожнага радыёвядучага цяпер вісіць раздрукоўка забароненых для вымаўлення ў эфіры слоў. “Пасля выпадку з Шосам Аляксандрам Рыгоравічам на “Русском радио” дырэкцыя сабрала нараду, дзе нам патлумачылі, што вымаўляць у эфіры “ШОС” ці проста “Аляксандр Рыгоравіч” забараняецца. Зараз усе паведамленні ад слухачоў некалькі разоў перачытваюць, перш чым пусціць у эфір”.

Каардынатар праекту “Тузін Гітоў” Сяргей Будкін кажа, што такому рашэнню кіраўніцтва радыё немагчыма адшукаць лагічнае тлумачэнне. “Я перакананы, што гэтая забарона стане дадатковаю рэкламай для музыкаў. Гэтак ўжо было раней. І беларускім музыкам толькі на карысць ішоў імідж забароненых спевакоў – тады да іх большая цікавасць з боку слухачоў”.

Што да забароненай песні Цоя, то эксперт лічыць, што яна сапраўды можа стаць гімнам пераменаў у Беларусі. “Яна цяпер вельмі часта гучыць з аўтамабіляў. Цікава, што ў савецкія часы яе таксама спрабавалі забараніць. Але праз столькі гадоў яна застаецца актуальнаю”, – кажа суразмоўца.

Поделиться ссылкой: