Як адзначыла ў інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” начальніка ўпраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Людміла Гуліна-Галубкова, сёлета агульны набор ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі павінен скласці 56 тысяч чалавек, у тым ліку на дзённую форму — 37,8 тысячы чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту — 21,6 тысячы чалавек.

Па словах чыноўніцы, прыём будуць ажыццяўляць 213 устаноў: каледжы, тэхнікумы, прафесійна-тэхнічныя каледжы, гімназіі — каледжы мастацтваў, школы — каледжы мастацтваў, вучылішча алімпійскага рэзерву, вышэйшыя каледжы. Абітурыентам будзе прапанавана 157 спецыяльнасцяў і 242 спецыялізацыі.

Дарэчы, у дзяржаўных вышэйшых навучальных установах таксама штогод павялічваюцца наборы на платныя аддзяленні. Так, у гэтым годзе “платныя наборы” у ВНУ складуць 57 тысяч, а яшчэ летась вучыцца за грошы прыйшло 54,9 тысячы чалавек, пазалетась – 46,5 тысячы. Наборы за сродкі бюджэта вагаюцца ў межах 33 тысяч чалавек.