— Як вядома, з боку абітурыентаў многіх краін, якія хочуць вучыцца ў Беларусі, дыпламатычных місій у нашай краіне паступаюць просьбы арганізаваць у беларускіх ВНУ навучанне на замежных мовах, — зазначыў у інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. —  Але мы не збіраемся абмяжоўвацца толькі навучаннем па спецыяльнасці. Падрыхтоўка на замежнай мове будзе арганізавана таксама ў магістратуры і аспірантуры.

Па словах Жука, сёння па рэалізацыі адукацыйных праграм на замежнай мове ўжо зроблены першыя крокі — у БДУІР пачата такая падрыхтоўка студэнтаў, такія ж захады робяць БДУ, БНТУ і іншыя ВНУ.

Аляксандр Жук таксама адзначыў, што больш увагі замежнай мове будзе нададзена ўсёй вышэйшай школай.

— Як вядома, вывучэнне замежных моў у школах павялічана на адну гадзіну, а з 2012 года для іх выпускнікоў уводзіцца абавязковы экзамен па замежнай мове, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі. — Плануецца павялічыць тэрмін вывучэння замежнай мовы ў ВНУ з наступнай здачай экзамену. Акрамя таго, напісанне асобных раздзелаў курсавых, дыпломных работ, выкладанне спецкурсаў будуць праводзіцца на замежных мовах.



Поделиться ссылкой: