Як заявіў старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, “у Беларусі мы, як дэмакратычная арганізацыя, былі пазбаўлены права аб’ядноўвацца ў асацыяцыі. Мінюст, не хаваючыся, выразна і некалькі разоў сваімі адмовамі падкрэсліў, што існаванне своеасаблівага прафсаюзу няўрадавых арганізацый для беларускіх ўладаў не патрэбнае”.

Дырэктар Выканаўчага бюро Асамблеі Сяргей Лісічонак  патлумачыў рэгістрацыю аб’яднання ў Літве наступным чынам: “У нашай краіне прагрэсу са свабодай асацыяцый не назіраецца. Таму мы вырашылі скарыстацца іншымі магчымасцямі і атрымаць зарэгістраваны статус у суседняй з Беларуссю краіне”.

На дадзены момант Асамблея НДА з’яўляецца паўнапраўнай юрыдычнай асобай. Паводле юрыста Выканаўчага бюро Асамблеі Юрыя Чавусава, “зарэгістраваны статус асацыяцыі дае магчымасьць яе сябрам прадстаўляцца ад імя арганізацыі. Таксама можна мець выданні пад шыльдай гэтага аб’яднання. Акрамя таго, прэса можа пісаць пра дзейнасць асацыяцыі. У дадатак, рэгістрацыя ў Літве, на тэрыторыі ЭС, дае магчымасць прызнаваць статус гэтай арганізацыі еўрапейскім суб’ектам”. Разам з тым, падсумаваў Юрый Чавусаў, “наўрад ці беларускія ўлады, нягледзячы на рэгістрацыю ў Літве, прызнаюць Асамблею беларускім суб’ектам”.

Нагадаем, Асамблея НДА спрабавала тройчы зарэгістравацца на тэрыторыі Беларусі. Так, яшчэ ў 2002 годзе рэгістравальны орган атрымаў пакет дакументаў ад Асамблеі НДА. Для вынясення адмоўнага рашэння ў справе нерэгістрацыі Асамблеі Мінюсту спатрэбілася паўтары гады. У 2009 годзе Асамблея два разы падавала дакументы на рэгістрацыю, але, на жаль, безвынікова.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў — найбуйнейшае ў Беларусі згуртаванне арганізацый грамадзянскай супольнасі, якое аб’ядноўвае  каля 300 грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў і іншых некамерцыйных арганізацый.