Якім чынам?.. А прасцей простага: пазбаўленне офіса цягне за сабою пазбаўленне юрыдычнага адраса, а гэта ж такая файная падстава (фармальная, затое з юрыдычнага боку — камар носа не падточыць) ліквідаваць усіх гэтых бэнээфаўцаў ды розных іншых “дзермакратаў” — па выслоўі аднаго ўсім вядомага гаваруна… Прычым ціха, без пылу і гвалту — па судзе, як кажуць… Паспрабуй толькі енкнуць, цябе ж абвінавацяць у нагнятанні: маўляў, у нас усё па законе, у нас самыя “чэсныя” і справядлівыя суды ў свеце, а вы — ёлупні “маўклівыя” — толькі і ведаеце, што ваду баламуціць у нашай памяркоўнай завадзі. І наогул, у грамадства не можа быць дзвюх думак адносна, прыкладам, “лініі Сталіна” — толькі адна, і тая прамая… Так што — усё выверана, прычасана, як і мае быць пры адсутнасці ўсялякай прысутнасці… Не хапае дробязі: каб усе падначаленыя, пачынаючы ад ЖЭСаўскіх начальнікаў і заканчваючы тымі, хто зусім блізка ад самага вялікага ў краіне кабінета, праборчык рабілі (калі ў каго валоссе засталося) на правільны бок… Словам, вертыкаль на тое і вертыкаль, каб вертыкаліць, азіраючыся толькі ў адзін бок…

Але бліжэй да справы… Яшчэ 10 мая Гаспадарчы суд Мінска пастанавіў выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб’яднанне “БНФ “Адраджэньне”, а таксама іх мінскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офіса на праспекце Машэрава, 8., які БНФ арандаваў ад 1992 года. Тэрмін арэнды скончыўся 31 сакавіка 2011 года. І тут пачалося: высяляйцеся і ўсё тут. Камунальшчыкам прапанавалі падпісаць міравое пагадненне, нават павялічыць арэндную плату, але дзе там!.. ЖРЭА, бачыце, раптам спатрэбілася якраз гэтае памяшканне для ўласных патрэб. Амаль 20 гадоў не было асабліва патрэбным, а тут… як з дуба ўпалі. І слухаць ніхто не хоча — ні арандатараў, ні грамадскасць. Ну, вядомая справа, слухаюць і слухаюцца ў нас толькі галаву дзяржавы, а ён у такіх выпадках спасылаецца на самы аб’ектыўны і чэсны суд у свеце… Карацей, кола замкнулася. І суд выносіць пастанову: на працягу тыдня — да наступнага чацвярга — арандатары павінны пакінуць памяшканне. Не памагла і заява Праўлення Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі “Аб сітуацыі вакол памяшкання Сядзібы БНФ”. У ёй выказана літаральна наступнае: “Значнасць гэтага офісу для грамадскага жыцця Менску складана пераацаніць. Тут быў цэнтр культурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці, праводзіліся выставы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, прэзентацыі, сустрэчы творцаў. У такім разе непадаўжэнне дамовы арэнды Асамблея НДА расцэньвае не толькі як спробу задушыць асяродак свабоды ў беларускай сталіцы, а таксама як моцны ўдар па грамадзянскай супольнасці Менску і ўсёй краіны. Мы патрабуем ад Мінгарвыканкама падоўжыць арэнду. Тым болей, па праспекце Машэрава, 8 размешчаны юрыдычныя адрасы некалькіх грамадскіх і палітычных арганізацый ды іх арганізацыйных структур. Гэта Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, ГА БНФ “Адраджэньне”. І пазбаўленне памяшкання і юрыдычнага адрасу можа прывесці да ліквідацыі згаданых арганізацый. Як тое, напрыклад, здарылася тры гады таму з Брэсцкім гісторыка-культурным аб’яднаннем “Стары горад…”.

У заяве Асамблеі звяртаецца ўвага на тое, што праблемы з прадастаўленнем памяшканняў носяць не адзінкавы, а сістэмны характар. Гэта лішні раз падкрэслівае дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў справы грамадскіх аб’яднанняў. І менавіта вось такім ганебным шляхам, праз арэнду. Натуральна, праўленне Асамблеі НДА заклікала ўсе арганізацыі і міжнародную супольнасць да салідарнасці, паколькі Сядзіба БНФ з’яўляецца найстарэйшым асяродкам грамадскай.

Што маеце ўчыніць, каб вас пачулі камунальнікі, суды і ўлады? — пытаюся ў старшыні партыі Аляксея ЯНУКЕВІЧА.

— Мы літаральна сёння падалі касацыйную скаргу ў Вышэйшы Гаспадарчы суд, і пра тое паведамілі судовых выканаўцаў. У нашай скарзе мы просім прыпыніць рашэнне Мінскага гарадскога Гаспадарчага суда аб высяленні. Гэта не аўтаматычна можа адбыцца, і таму суд можа такое рашэнне прыняць. Спадзяёмся, што судовыя выканаўцы наш зварот возьмуць пад увагу. Калі яны праігнаруюць, то ўжо у чацвер можа здарыцца самае горшае — нас папросту выкінуць на вуліцу…

Якія прэтэнзіі ў ЖРЭА (камунальная гаспадарка) да вас як да арандатараў?

— Раней у іх былі прэтэнзіі да нас нібыта па фінансавай запазычанасці, але цяпер яны (ЖРЭА) памянялі пазіцыю, паколькі мы прадставілі адпаведныя дакументы, якія сведчаць, што ў мінулы год сур’ёзных парушэнняў не было…

Ці звярталіся ў іншыя гаспадарчыя суб’екты, каб усё ж не аказацца на вуліцы?

— Так, паралельна з судовымі працэсамі мы звярталіся, скажам, у Мінскае ўпраўленне камунальнай маёмасці. А сёння прыйшоў адказ, праўда, крыху смешны. Ну, мы звярнуліся да іх з просьбай, паколькі навісла пагроза высялення. Карацей, прасілі прадаставіць нейкае іншае памяшканне…

І што?

— А вось цытую: “Основной свободный нежилой фонд коммунальной собственности г. Минска составляют подвальные помещения и помещения гражданской обороны, предназначение которых — склады. Поэтому свободных нежилых помещений, запрашиваемой площади под офисы, недостаточно”.

Вось такі адказ. У велізарным мегаполісе ну проста страшэнны дэфіцыт на нежылыя плошчы. Смех дый годзе… Высновы, як кажуць, рабіце самі. І грамадскасць, канечне, такія высновы робіць, дакладней, ужо даўно зрабіла. Але ж будзем спадзявацца на лепшае. А раптам у некага – там, наверсе — прачнецца грамадзянскае сумленне…

Хацелася б, але ў чароўнае, казачнае пераўвасабленне нашых чыноўнікаў ад вертыкалі ніяк не верыцца…

Ціхае ўдушэнне... (фотарэпартаж)

Ціхае ўдушэнне... (фотарэпартаж)

Ціхае ўдушэнне... (фотарэпартаж)

Фота аўтара.

Поделиться: