Дзве страфы пра надзённа-вечнае

I.

Во хітруга!

Не б’е ў барабан.

Не пяе,

Не крычыць.

А стаіць і маўчыць. Як нямы!

Вось у нас і напруга.

Каб ён проста маўчаў —

Дык жа не!

Ён пра нешта маўчыць!

А пра што?

А пра што ён маўчыць?

Прызнавайся, хітруга!

II.

О народ беларускі!

Ты так красамоўна маўчыш,

Што маўчанне тваё

Ім страшней

За бунтоўныя крыкі.

Не, не доўга ўжо несці табе

Свой пакутніцкі крыж.

Ты — не раб.

Ты — вялікі.

Ва ўсім.

І ў маўчанні вялікі.