— Вызваленне стала нечаканым?

— Я разлічваў, што буду сядзець. І жонцы сказаў, каб яна настройвалася на максімум, тады будзе сябе больш спакойна паводзіць, не турбавацца і г.д. Не хацеў, каб былі якія-небудзь падставы для нейкага гандлю. Калі мяне выводзілі пад канвоем з турмы на абвяшчэнне прысуду, то канваір у мяне спытаў: “Ну, што? Сёння на прагулку пойдзем, ці — не?” Я сказаў: “Ну, канешне ж, пойдзем”. Усе ведалі там ад самага пачатку хто я, за што сяджу. Я хацеў, дарэчы, даведацца, ці сядзеў Павел Шарамет у камеры №63. Мне казалі, што Павел Шарамет таксама сядзеў у 63-й камеры. Ну, можа, там папросту нейкая стацыянарная праслушка. Што праслухоўваць? У турме актыўна вядзецца аператыўная праца ў дачыненні да ўсіх. Раптам нешта цікавае пачуюць. Я быў сведкам, як адзін хлопец сядзеў-сядзеў у ізалятары часовага ўтрымання, а потым пасля размовы з нейкім чалавекам пісаў яўку з павіннай. А што да мяне, то, можа, ім было цікава, пра што я размаўляю, які ў мяне настрой.

— Можаш пагадзіцца з тым, што крымінальная справа супраць цябе – гэта помста супрацоўнікаў КДБ за разгалошванне таго, што адбылося на допыце?

— Не. Гэта тое, што мне падкідвалася. “Гламурныя зайцы” былі на самай справе ўжо наступствам. Рашэнне было прынята наконт мяне значна раней. Прынамсі, я ведаў пра тое, што супраць мяне распачнуць крымінальную справу задоўга да гэтага. “Гламурныя зайцы” вельмі хацелі, каб была распачата крымінальная справа за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, эксперты далі такое заключэнне, прааналізаваўшы мае артыкулы і блог, дзе ўзгадвалася пра КДБ. Яны напісалі, што я дыскрэдытую дзяржаўны орган КДБ, а гэта дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы нв жаданне кадэбэшнікаў, гэтая фармулёўка не патрапіла ў абвінавачанне. “Гламурных зайцоў” можна разглядаць толькі як інструмент, якім скарысталіся ў дачыненні да мяне. Яны не былі рэжысёрамі таго, што адбывалася.

— Была замова?

— У мяне нават ніякіх сумневаў няма. Калі я знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы, то ўбачыў, што ўсе паперы былі падрыхтаваныя яшчэ ў лютым, калі я сядзеў у Мінску. Ужо тады былі падрыхтаваны дзве экспертызы, паводле вынікаў якіх я зняважыў прэзідэнта і дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь. Я так зразумеў, што ўсё было падрыхтавна, каб я не выйшаў з Акрэсціна. Але гэты сцэнарый чамусьці не спрацаваў. Я нагадаю, што была вельмі моцная кампанія салідарнасці, а таксама і Ежы Бузек выказаўся, і прэзідэнт Польшчы.

— Чаму замова была менавіта на Андрэя Пачобута? Гэта звязана з тым, што ён працуе на польскае выданне і з’яўляецца адным з актывістаў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў?

— Думаю, што адказ на гэтае пытанне сапраўды трэба шукаць у беларуска-польскіх дачыненнях. Гэта галоўная прычына.

— Журналіст стаў закладнікам сітуацыі?

— Так, я і адчуваў сябе закладнікам. Калі б на мяне пачалі ціснуць за тое, што я называў Лукашэнку дыктатарам, дык я гэта даўно казаў. І не я адзін. І ніякай рэакцыі на гэта не было. Я апісваў канкрэтныя факты фальсіфікацыі. Было адчуванне, што гэта толькі нагода. Вось тое, што так зацягваўся працэс, таксама сведчыць пра гэта. Я ж прасіў дапытаць экспертаў, падаваў розныя хадайніцтвы, і гэта адкідвалася вельмі хутка, а потым замаруджваўся працэс. Я адчуваў, што ідзе нейкая гульня па-за мной, адбываецца вялікая палітыка. Я ведаю, што не было ніякіх саступак, што была вельмі цвёрдая пазіцыя Еўрасаюза. Я вельмі баяўся, што могуць пайсці на саступкі, бо, калі сёння адступіць у дачыненні да мяне, то потым сядуць яшчэ з дзясятак іншых. Гандляваць людзьмі нельга.

— Інфармацыйны голад для журналіста бадай страшней, чым для іншага чалавека за кратамі?

— Ніякай інфармацыі там няма. Я сачыў за тым, што там адбываецца, і фіксаваў усё ў памяці. Дыскамфорт, бо невядома, што адбываецца за плотам.
Гэта справа, увогуле, не мае ніякай логікі. Следчы мне нічога не распавядаў. Ён да мяне прыходзіў літаральна два разы. Паказанні я не даваў, і ён ведаў, што я не буду даваць паказанні. Спадзяваўся, што калі мяне ўзялі пад варту і стала зразумела, што я паеду ў турму, то казаў: “Ну давай, ты зараз дасі паказанні. Ты ж не будзеш адмаўляцца ў судзе”. Але я сказаў: “А як гэта будзе выглядаць? Як толькі мяне ўзялі пад варту, дык я адразу пачаў даваць нейкія паказанні? Ніякіх паказанняў даваць не буду”.
Я там бачыў розных людзей. Напрыклад, чалавека без абедзвюх рук, якога абвінавачваюць у тым, што ён збіў міліцыянераў. Цяпер там нейкая кампанія ідзе наконт аліментшчыкаў. Іх там усё больш і больш. Увогуле, чалавек, які трапляе ў турму, абсалютна бяспраўны. Першае, што адчуваеш, гэта тое, што ты не пан сам сабе. Звычайны чалавек адчувае стрэс. Пачынаеш думаць, што патрэбны адвакат, а адвакат — гэта вялікія грошы. У мяне была крыху іншая сітуацыя, бо я быў больш-менш падрыхтаваны псіхалагічна. Шкадаваў, што не прайшоў поўнае медыцынскае абследаванне, таму што, калі потым у турме спатрэбяцца нейкія лекі, то іх немагчыма атрымаць без адпаведнага запісу.
— Чаму вырашылі рабіць закрыты працэс?

— Таму што гэта была б вялікая ганьба перш за ўсё Аляксандру Лукашэнку, таму што я  быў у стане давесці, што ён фальсіфікуе выбары. А яны ведалі, што я пра гэта буду казаць, выклікаць сведак, буду казаць пра канкрэтныя факты фальсіфікацыі выбараў. Гэта ім было абсалютна не патрэбна. Тым больш што я прасіў, каб Аляксандра Лукашэнку прызналі пацярпелым у справе. Але ён недатыкальны. Дарэчы, я пра працэс чытаў у “Народнай Волі”. Туды прыходзяць і ваша газета, і “Наша Ніва”.

— Людзі, якія там знаходзяцца, чытаюць недзяржаўныя выданні?

— Канешне. Вось, напрыклад, “Народная Воля” ў адрозненне ад іншых лічыцца праўдзівай газетай. Там я даведаўся, што ёсць яшчэ газета Дэпартамента выканання пакаранняў. Яна называецца “Трудовой путь”. Яна выходзіць раз на два тыдні. На камеру даюць адзін экзэмпляр. Там лісты “зняволеных”, прычым пішуць: “Прашу падзякаваць начальніку такога-та атрада за тое, што ён такі добры, бо ён нам так дапамагае, я ўсвядоміў, дзякуючы яму, як трэба жыць”. Гэта ў той сітуацыі выглядае як здзек з нармальнага чалавека. Я так разумею, што гэта людзі падлізваюцца, каб патрапіць на датэрміновае вызваленне ці яшчэ нейкія выгады для сябе мець. “Трудовой путь” прыносілі ў камеру разам з “Советской Белоруссией”, і я ўжо не разумеў, дзе пачатак адной і дзе канец другой газеты”.

— Ці ёсць жаданне надрукаваць успаміны пра турму? Ірына Халіп, напрыклад, піша кніжку.

— Не, я там прабыў няшмат і, можа, зраблю нейкія нататкі. Цяпер я збіраюся па свае рэчы. Там мае нататнікі, сістэмны блок, мабільнік — тое, што забралі падчас ператрусу. Буду працаваць далей.

P.S. “Народная Воля” далучаецца да шматлікіх віншаванняў журналісту Андрэю Пачобуту, якога ўсё ж выпусцілі на волю.

Поделиться ссылкой: