Ці было нечаканасцю для вас такое адносна мяккае рашэнне суда?

— Так, было нечаканасцю. Я лічыў, што мне дадуць тры гады пазбаўлення волі.

Далі тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Што зараз можна, што нельга?

— На цяперашні момант я знаходжуся пад падпіскай аб нявыяздзе ў сувязі з тым, што прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. А ўжо пасля ўступлення ў сілу буду кансультавацца з адвакатам і ўдакладняць дэталі. Як я зразумеў, праз два гады мяне ізноў будуць судзіць.

Што з канфіскаванымі рэчамі?

— Вярнуць усю маёмасць, што забралі.

Ці складана даводзілася за кратамі?

— Натуральна, што складана. І хачу сказаць, што ніякіх катаванняў не было. Але вось, напрыклад, быў выпадак, калі на першы тыдзень майго зняволення прыйшоў да мяне ў камеру пракурор Гродзенскай вобласці і запрапанаваў пакаяцца перад кіраўніком краіны. Маўляў, тады крымінальная справа будзе адразу ж зачынена і мяне вызваляць. Я адмовіўся гэта рабіць і сказаў, што за такую цану свабоду купляць не збіраюся і не буду. Пасля гэтага яшчэ адмаўляўся размаўляць з аператыўнымі супрацоўнікамі, і, у рэшце рэшт, мяне пакінулі ў спакоі. Напэўна, зразумелі, што ні на якія саступкі не пайду і ніякіх размоваў весці не буду. Было шмат што цікавага, але гэта доўга распавядаць.

Чым займаліся ў камеры?

— Перш за ўсё шмат чытаў – жонка мне перадавала кнігі. Размаўляў з людзьмі, спрабаваў даведацца нешта новае.

Ваша жонка сказала, што сёння ўвечары запросіць вас у рэстаран…

— Справа добрая! Абавязкова пойдзем.

Поделиться: