Асаблівую ўвагу кіраўніцтва журналісцкага аб’яднанне звяртае на брутальнае парушэнне правоў рэпарцёраў, якія знаходзіліся на месцы падзеяў пры выкананні службовых абавязкаў, мелі пры сабе журналісцкія пасведчанні і не маглі быць затрыманыя, аднак не толькі апынуліся ў пастарунках, але і былі незаконна пазбаўленыя адзнятага матэрыялу, а ў Гродне – яшчэ і адпраўленыя ў ізалятар часовага ўтрымання.

— Інакш як гвалтоўнае ўмяшальніцтва ў дзейнасць журналістаў расцэньваць гэтыя ўчынкі проста нельга, — кажа старшыня БАЖ Жана Літвіна. — Прадстаўнікі праваахоўных органаў не ўспрымаюць журналістаў як людзей, якія таксама выходзяць на працу. Маўклівы загад, што нельга дапусціць, каб журналісты стваралі “карцінкі”, каб яны фіксавалі ўсё тое, што адбываецца. Магчыма брутальнае ўмешальніцтва звязана з гэтым. Мы звярнуліся да міністра ўнутраных спраў з патрабаваннем правесці службое расследванне, выявіць вінаватых, наогул давесці да супрацоўнікаў нормы заканадаўства, нормы Канстытуцыі, па якіх журналісты маюць права прысутнічаць у месцах масавых мерапрыемстваў, у месцах грамадска важных падзеяў.

Кіраўніцтва журналісцкага аб’яднанне патрабуе ад беларускіх уладаў афіцыйнага тлумачэння ўчорашніх грубых паводзінаў супрацоўнікаў міліцыі, а таксама намерана праінфармаваць пра ўсе інцыдэнты сваіх замежных калегаў. Нагадаем, што ў часе ўчорашняй маўклівай акцыі пратэсту ў розных гарадах Беларусі было затрымана некалькі сот чалавек, сярод іх і журналісты. У Мінску ж супрацоўнікі ў цывільным прымянілі супраць рэпарцёраў слезацёчны газ.



Поделиться ссылкой: