Пад пагадненнем аб умовах правядзення свабодных выбараў падпісаліся лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, партыі “Справядлівы свет”, руху “За свабоду” і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.

“Цікава, што, напрыклад, ні сацыял-дэмакратаў, ні наш аргкамітэт па падрыхтоўцы народнага сходу да ўдзелу ў мерапрыемстве не запрашалі, — кажа палітык Віктар ІВАШКЕВІЧ. — Але што было вызначана падчас падпісання сумеснай платформы? Што ўлада сябе кепска паводзіць, што неабходны свабодныя выбары і вызваленне палітзняволеных… Дык паперы падобнага зместу падпісваліся яшчэ напрыканцы мінулага года, калі гаварылася аб стварэнні шырокай апазіцыйнай кааліцыі, якая ставіць сваёй мэтай вызваленне палітвязняў. Тады былі дадзены ўсе тыя ацэнкі, якія сёння агучаны ў пагадненні. Заяўлялася раней і пра байкот парламенцкіх выбараў. Зараз заявы робяцца з нейкім націскам на невядомую перспектыву. Думаю, што людзі, якія хочуць уплываць на падзеі ў краіне, павінны не калісьці, а зараз далучацца да актыўнай працы і рэальна не пакідаць за сабой права, а карыстацца ім. Пакуль ініцыятары платформы не адказалі на пытанне, што яны збіраюцца канкрэтна рабіць. Можна далучыцца да працы, якая прапануецца, але я не пачуў, да якой працы заклікаюць тыя лідары апазіцыі, што сабраліся. Пакуль тут адны дэкларацыі, якія падпісваліся ўжо неаднаразова”.

— З нечага трэба было пачынаць, — тлумачыць сітуацыю старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА. — І гэта не можа быць у фармаце 38 арганізацый, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду. Немагчыма арганізаваць нармальную працу з такой колькасцю структур. Таму вырашылі пачынаць з дастаткова моцных па беларускіх мерках арганізацый, якія могуць не толькі гаварыць, але і ўкладваць у справу пэўныя рэсурсы — чалавечыя і фінансавыя. Але гэта не азначае, што сабраліся самыя-самыя і адгарадзіліся ад усіх астатніх. Свой дакумент мы будзем выносіць на абмеркаванне і ратыфікацыю шырокай кааліцыі і да сумеснай працы могуць далучацца ўсе жадаючыя. Таму я б тут асабліва не крыўдзіўся. Зараз існуе некалькі пляцовак для таго, каб працаваць разам. Справы хопіць усім, не хацелася б, каб ініцыятыва зноў вырадзілася ў нейкую канфігурацыю, дзе прадстаўнікі арганізацый збіраюцца, гавораць, галасуюць, і гэтае рашэнне не выходзіць за сцены памяшкання. Каб мінімізаваць магчымасць раздраю ў стане апазіцыі, мы вызначыліся, што самае моцнае рашэнне будзе тое, якое прынята ўсімі.


Поделиться: